Год бязвізу, «недармаедаў», патрыётаў і жорсткай эканоміі

Пратэсты «недармаедаў», адкрыццё Беларусі для замежных турыстаў, «Справа патрыётаў» і дэкрэт аб спрашчэнні ўмоваў вядзення бізнесу. Чым запомніцца год 2017-ы ў эканоміцы, грамадскай сферы, унутранай і знешняй палітыцы?

3e0b6869_f2d6_4fdc_a7b9_cea16b5f4f9a.jpg

Вынікі году ў «Палітычным люстэрку» на “Польскім Радыё” падводзяць Аляксандр Папко і кіраўнік Цэнтру новых ідэяў палітолаг Рыгор Астапеня.

Беларуская эканоміка стала больш рацыянальнай — але не багатай

У 2017 годзе Нацбанк перастаў друкаваць грошы для падтрымкі стратных прадпрыемстваў, у выніку чаго інфляцыя была самай нізкай за ўсе часы незалежнасці Беларусі. Цэны выраслі толькі на 5%. У лістападзе быў падпісаны Дэкрэт №7, які спрасціў рэгістрацыю малых фірмаў. Акрамя таго, былі скарочаныя памеры штрафаў для прадпрыемстваў. Аднак пры гэтым на 3 мільярды даляраў вырасла знешняя запазычанасць, заробкі засталіся на вельмі нізкім узроўні, а ўрад працягвалі пакідаць прыхільнікі рэформаў. Услед за дарадчыкам Лукашэнкі Кірылам Рудым з пасады кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па інвэстыцыях і прыватызацыі сышла Наталля Нікандрава. Ці стала за год беларуская эканоміка больш рынкавай, больш рацыянальнай? Ці ёсць надзея на рост?

Мне падаецца, што нашая эканоміка сапраўды становіцца на шлях рынкавасці і рацыянальнасці, — адзначыў Рыгор Астапеня. — Але, відавочна, праблема ў тым, што ў гэтым станаўленні занадта шмат выбоінаў, напрыклад, у выглядзе «дэкрэту аб дармаедах». Я думаю, так адбываецца таму, што дзеянні ўладаў вынікаюць не з інтэлектуальнага асэнсавання перавагі рынку над сацыялізмам, а проста з таго, што рынкавыя ідэі тут і цяпер не прывядуць да крызісу, да якога прывяла ранейшая палітыка ўладаў. Нацбанк перастаў друкаваць грошы, бо страх перад новым крызісам вельмі моцны. Дэкрэт №7 выйшаў, бо трэба было зрабіць нешта, каб разняволіць грамадства. З ростам жа ўсё больш-менш відавочна: усе міжнародныя арганізацыі называюць лічбы каля 2%. Гэта стан, калі мы не памрэм, але і жыць асабліва не пачнем.

Грамадства стала больш парывістым

2017 год нечакана для многіх стаў годам гучных пратэстаў і паспяховых грамадскіх кампаніяў. У лютым і сакавіку па ўсёй краіне прайшлі мітынгі супраць «дэкрэту аб дармаедах». Людзі выходзілі на вуліцы нават у малых гарадах, дзе пратэстаў не было за ўвесь перыяд незалежнасці Беларусі. У выніку дэкрэт быў замарожаны. У сакавіку грамадскія актывісты паспяхова абаранілі ад забудовы мемарыял Курапаты. У кастрычніку абурэнне грамадства выклікала забойства ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча. У выніку ўлады замянілі ўвесь камандны склад сумнавядомай вучэбкі. Чаму дзяржава пачала прыслухоўвацца да грамадства? Грамадства стала мацнейшым? Ці ў будучыні кіраўніцтва краіны будзе больш прыслухоўвацца да настрояў грамадзянаў?

— Па-першае, мы не ведаем, наколькі паспяховымі былі б пратэсты, калі б не дыялог уладаў з Захадам, — разважае Рыгор Астапеня. — Рэжым сёння не адважваецца выкарыстаць увесь свой набор рэпрэсіяў, бо ў Бруселі не зразумеюць. Таму ён вымушаны знайсці нейкую сярэдзіну паміж звычкамі і патрэбамі. Па-другое, грамадства сапраўды становіцца мацнейшым, прынамсі больш парывістым. Усе гэтыя пратэсты аб’ядноўвае тое, што яны пачыналіся хутка. Мне падаецца, што акурат гэта стала прычынай таго, што ўлады сталі больш прыслухоўвацца да грамадства. Яны асцерагаюцца, што гэтая імклівасць можа выліцца ў нешта больш сур’ёзнае.

Улады паказалі, што ўсё яшчэ здольныя на масавыя рэпрэсіі

Вясна і лета адзначыліся палітычнымі рэпрэсіямі, якіх Беларусь не бачыла са снежня 2010 году. У разгар сацыяльных пратэстаў і перамоваў з Крамлём па газе КДБ Беларусі арыштавала 35 чалавек, абвінаваціўшы іх у «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», а таксама ў стварэнні «незаконнага ўзброенага фармавання». Пад прэс патрапілі актывісты «Маладога фронту», інструктары дзіцячага вайскова-спартовага лагеру «Патрыёт», а таксама іх знаёмыя і сябры. У жніўні пад следствам апынулася кіраўніцтва прафсаюзу РЭП. Напрыканцы лістапада Следчы камітэт спыніў «Справу патрыётаў» за адсутнасцю складу злачынства. «Справа прафсаюзаў» цягнецца надалей. Якія высновы належыць зрабіць з гэтых працэсаў?

— Думаю, на прыкладзе ўсіх гэтых справаў відавочна, што ўладам хочацца рэпрэсіяў, але занадта колецца, — кажа Рыгор Астапеня. — Бо калі паглядзець на дзеянні ўладаў за апошнія гады, то відавочна, што яны навучыліся граць разумней. Тут і пропускі незалежных людзей у парламент ці на тэлебачанне, і стварэнне прыхільнай экспертнай супольнасці. Але калі пачынаюцца хоць нейкія пратэсты, то ўключаецца рэжым рэпрэсіяў і ніякія разумнейшыя механізмы не працуюць. Але давесці справу да канца — то бок, пасадзіць людзей, моцы ўжо не стае. У прынцыпе, можа для ўладаў гэта і не такі благі варыянт — яны не хаваюць сваёй натуры перад грамадствам, але і яе цалкам не раскрываюць.

Беларуская замежная палітыка стала больш «дыверсіфікаванай»

У лютым Беларусь увяла 5-дзённы бязвізавы рэжым для замежнікаў, якія прыбываюць праз аэрапорт Менска. Міністр замежных справаў неаднаразова заяўляў, што Беларусь гатовая падпісаць з Еўразвязам базавую дамову аб супрацоўніцтве. Пацяпленне адносінаў з Захадам выклікала нервовую рэакцыю Масквы. У лютым Расія аднавіла памежную зону ў рэгіёнах, якія прылягаюць да Беларусі. Аднак ужо ў красавіку беларускія ўлады падпісалі з Расіяй дамовы аб пастаўках газу і нафты, паклаўшы крэс «энергетычнай вайне», якая доўжылася амаль год. У верасні ў Беларусі прайшлі вучэнні «Захад–2017», пасля якіх, насуперак асцярогам публіцыстаў і некаторых аналітыкаў, расійскія войскі не акупавалі Беларусь, а пакінулі яе тэрыторыю. Ці за год Беларусь стала больш самастойнай і паважанай краінай? У чым заключаюцца асноўныя дасягненні дыпламатыі, і ў чым — яе асноўныя правалы?

— Дачыненні з ЕС — гэта, безумоўна, галоўнае дасягненне беларускай дыпламатыі, — лічыць Рыгор Астапеня. — Запрашэнне Лукашэнкі на саміт у Брусэль і спакойнае стаўленне Захаду да рэпрэсіяў у Беларусі паказвае, што змены стасункаў доўгатэрміновыя. На гэта, безумоўна паўплывала шмат чыннікаў, апроч беларускай дыпламатыі. Аднак цяжка сабе ўявіць, каб дачыненні з Захадам маглі зайсці так далёка, калі б не беларускі МЗС. Правал — гэта дачыненні з Расіяй, бо відавочна, што яны цяпер досыць халодныя. Але тут наўрад ці можна казаць пра праблему дыпламатыі, бо стасункі з Расіяй — гэта накірунак, за які Міністэрства замежных спраў адказвае ў найменшай ступені. У любым разе, гэта быў добры год для беларускай дыпламатыі — замежная палітыка стала больш збалансаванай ці дыверсіфікаванай, як у нас любяць казаць.