Агратэх-стартап OneSoil выйшаў з ПВТ і спыніў працу ў Беларусі

Адзін з самых вядомых беларускіх стартапаў OneSoil выйшаў з Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) і фактычна спыніў працу ў Беларусі. Цяпер агратэх-стартап будзе працаваць у Швейцарыі і Польшчы, паведамляе dev.by.

onesoil_vector_logo.png

Днямі OneSoil знік са спісу рэзідэнтаў на сайце ПВТ.

OneSoil — стартап з Беларусі, які ў 2017 годзе стварылі праграміст Вячаслаў Мазай і географ Усевалад Генін. Яго асноўны прадукт — разумная сістэма для маніторынгу стану пасяўных плошчаў, павелічэння ўраджайнасці і эканоміі рэсурсаў. Для аналізу «ўраджаю» з палёў выкарыстоўваюцца спадарожнікавыя здымкі.

У кампаніі OneSoil распавялі dev.by наступнае:

— Так, выйшлі <з ПВТ>. OneSoil расце як міжнародная кампанія, асноўная дзейнасць цяпер вядзецца са Швейцарыі і Польшчы. І паколькі многія нашы супрацоўнікі пераехалі ў офіс у Варшаве, а іх колькасць у Беларусі значна скарацілася — было прынята рашэнне выйсці з ПВТ.

Частка супрацоўнікаў OneSoil працягвае дыстанцыйна працаваць з Беларусі, але цяпер у кампаніі два офісы — у Швейцарыі і Польшчы.

Незмяняльны беларускі кіраўнік, падчас наведвання ПВТ у 2019 годзе, бачыў агратэх-распрацоўкі OneSoil. Тады Лукашэнка адзначыў, што такія распрацоўкі "вельмі карысныя і патрэбныя". Цяпер “карысныя і патрэбныя” згарнулі дзейнасць у Беларусі.