Айцец Ігар з Брэста: «Некалькі міліцыянтаў сказалі, што ім сорамна»

Айцец Ігар з невялікай грэка-каталіцкай абшчыны Брэста — сёння фігура вельмі вядомая. У дні пратэстаў ён шмат разоў выходзіў на вуліцы, размаўляў з дзяўчатамі і жанчынамі ў ланцугах салідарнасці. Выслухоўваў іх, суцяшаў, маліўся разам з імі, распавядае «Салідарнасць».

igor_17.jpg


Ён бывае амаль на ўсіх мітынгах, на адным з іх нават выступаў. Дамагаўся вызвалення затрыманых з СІЗА. Сам святар кажа, што яго абавязак як грамадзяніна і хрысціянскага пастыра — быць побач са сваім народам. Хоць камусьці ва ўладзе, можа, гэта не падабаецца.

Я лічу, што ўся гэтая хлусня, фальсіфікацыі — гэта вайна супраць Бога, — адзначае ў інтэрв'ю «Салідарнасці» святар. — А пасля ўсіх гэтых арыштаў кандыдатаў і звычайных грамадзян, яшчэ перад выбарамі, я прыняў рашэнне пазначыць сваю грамадзянскую пазіцыю. Мяркую, што Святлану Ціханоўскую, гэтую мілую, выдатную жанчыну, пакінулі ў ліку кандыдатаў у прэзідэнты толькі таму, што не паставіліся да яе сур'ёзна.

Увесь першы тыдзень пасля выбараў святар у чорнай сутане кожны дзень хадзіў па цэнтральных вуліцах Брэста, сустракаў тут розных людзей, у тым ліку міліцыянтаў, амапаўцаў, спрабаваў з імі гаварыць. Пры гэтым ён, па яго ж словах, не адчуў, што суразмоўцы з сілавых структур адэкватна рэагавалі на яго словы.

— У першыя дні наогул нічога не адказвалі, толькі недаверліва глядзелі на мяне спадылба. Былі, праўда, некалькі міліцыянтаў, якія сказалі, што ім сорамна, — успамінае святар.

Айцец Ігар кажа, што яму шкада амапаўцаў, якія па-зверску ставіліся да людзей. Ён лічыць, што гэта не іх прырода, што яны атрымалі загад запалохаць, праяўляць такую неверагодную жорсткасць, каб людзі схаваліся і больш не высоўваліся.

На самым шматлікім за ўсю гісторыю Брэста мітынгу 16 жніўня (на плошчы тады сабралася больш за 30 тысяч чалавек), у прысутнасці мэра, пракурора і начальніка абласнога УУС айцец Ігар выступіў з яркай палымянай прамовай.

Сам ён кажа пра гэта так:

Я патрабаваў у старшыні гарвыканкама пайсці са мной у СІЗА і вызваліць затрыманых падчас пратэстаў. І Аляксандр Рагачук насамрэч пайшоў. Не нагамі, але ён пайшоў фактычна. Адправіўся ў свой кабінет і пачаў тэлефанаваць у Мінск, кіраўнікам сілавых структур, каб вырашыць пытанне з затрыманымі. Калі я пераканаўся, што старшыня займаецца гэтым пытаннем, пайшоў да ізалятара разам з іншымі пратэстоўцамі. Мы былі там да трох гадзін ночы, пакуль не выпусцілі апошніх затрыманых.

У цэлым айцец Ігар добра адгукаецца пра брэсцкага гарадскога кіраўніка, лічыць яго чалавекам добрай волі. Пры гэтым нагадвае: усе, хто стаіць ля ўлады – святары, кіраўнікі прадпрыемстваў, гарадоў і прэзідэнты, павінны быць слугамі народа.

Яны — нанятыя менеджары. На жаль, вельмі многія людзі гэтага не разумеюць, лічаць што яны ледзь не вышэй Бога. Так, вядома ж, быць не павінна, — упэўнены служыць царквы.

На яго думку, многія спекулююць, цытатай з Бібліі, кажучы, што «ўсялякая ўлада ад Бога».

На самай жа справе ўлада — гэта дар ад Бога. Але, роўна, як грошы можна выдаткаваць на нешта добрае ці дрэннае, так і гэты дар можна выкарыстаць не па прызначэнні. Дар улады патрэбны для таго, каб той, каго выбралі людзі, і той, каго паставіў Бог, служыў гэтым людзям, клапаціўся пра іх, абараняў і, вядома, любіў. Калі ж чалавек, які валодае ўладай, выкарыстоўвае яе ў сваіх уласных інтарэсах, тым больш, калі ён кагосьці тэрарызуе, запалохвае, ладзіць рэпрэсіі, — ён становіцца ўзурпатарам.

У гэтым выпадку хтосьці павінен падказаць кіраўніку, што ён не мае рацыю, хтосьці павінен яго паправіць, лічыць святар.

— Калі гэта немагчыма, народ павінен яго звольніць. Любая ўлада сапраўды ад Бога. І дар улады — велізарная адказнасць, якую не кожны чалавек можа панесці. Таму яе трэба падзяляць, раіцца. І вельмі небяспечная рэч — вертыкаль, калі ўсе толькі прызначаюцца. Гэта якраз прывяло да таго, што мы маем цяпер... Ведаеце, я вельмі спачуваю Аляксандру Лукашэнку, таму што ў яго фактычна няма сяброў, якія маглі б даць яму сумленную, шчырую параду, сказаць, што прыйшоў час сысці, — кажа айцец Ігар.

І прызнаецца, што згодны з Чэрчылем: у тым сэнсе, што дэмакратыя не з'яўляецца ідэальнай формай праўлення, але нічога лепшага чалавецтва пакуль не прыдумала.

— Я думаю, што наша краіна павінна ўстаць на дэмакратычны шлях развіцця і заняць годнае месца сярод цывілізаваных краін. Ментальна, мяркуючы па апошніх падзеях, да гэтага абсалютна гатовыя, — кажа суразмоўца.

І дадае з нагоды нацыянальных сімвалаў і адзінстве хрысціян Беларусі:

— Душа мая радуецца, калі я бачу, як лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта хрысціянскі знак, хрысціянскія колеры. На тым самым мітынгу 16 жніўня, калі людзі віталі адзін аднаго словамі: «Жыве Беларусь!», адзін чалавек адказаў: «Жыве з Богам!». Гэта вельмі мяне парадавала. Я думаю, што такую пазіцыю маглі б падзяляць прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, якія ёсць у Беларусі — і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты.

Айцец Ігар упэўнены: будучыня Беларусі стане светлай, паколькі абсалютная большасць грамадзян краіны — светлыя і вельмі добрыя людзі, якія шчыра жадаюць пераменаў.

Калі мы хочам, каб наша дзяржава была прававой, як запісана ў Канстытуцыі, трэба, каб любое меркаванне мела права на існаванне. І наогул, розныя меркаванні нас ўзбагачаюць. Я не хачу, каб усе хадзілі строем, — гаворыць 65-гадовы святар.

Ён верыць, што дажыве да таго моманту, калі Беларусь здабудзе справядлівую, сумленную ўладу.

— Таму што людзі адчулі, што яны — свабодныя, разумныя, таленавітыя, годныя таго, каб жыць лепш, і, самае галоўнае, каб, як казаў класік, «людзьмі звацца».

На пытанне, ці не баіцеся вы, што вас, як арцыбіскупа Кандрусевіча, могуць не пусціць у Беларусь у выпадку выезду за мяжу, ён толькі ўсміхаецца:

Дык я нікуды не выязджаю і не збіраюся найбліжэйшым часам.

Значна больш айца Ігара турбуюць два папярэджанні — ад пракуратуры і аблвыканкама — за арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. У іх намёк на тое, што суд можа прыпыніць рэгістрацыю прыходу.

Аднак я перакананы: царква павінна называць усё сваімі імёнамі. Нават, калі гэта небяспечна, — гаворыць айцец Ігар.

Паводле gazetaby.cot.lt. Пераклад НЧ