Актывістка «ІнфаCпецНаз» Вольга Бондарава спагнала з палітвязня 1000 рублёў за маральныя пакуты
3000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 87 рублёў за дзяржпошліну пры падачы іску хацела спагнаць з асуджанага Васіля Пільца Вольга Бондарава. Канфлікт паміж імі здарыўся, калі Вольга зафарбоўвала бел-чырвона-белыя сцяжкі на дарожцы. Па словах актывісткі, пасля гэтага яна баялася за сваё жыццё і здароўе. Карэспандэнтка Hrodna.life прасачыла, чым скончылася судовае пасяджэнне.
На пасяджэнне ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна 1 ліпеня Вольга прыйшла адна, хоць звычайна яна наведвае суд з «калегамі». Змянілася і паводзіны актывісткі. У сваіх відэа яна звычайна высмейвае людзей, якія сыходзяць ад яе і не хочуць размаўляць. Перад пасяджэннем жа яна сама маўчала і не адказала ні на адно пытанне, які ёй задавалі прысутныя. Падтрымаць Васіля Пільца прыйшлі больш за 10 чалавек.
— Вы разумееце, што забралі бацькоў у дзяцей? Вам жа было дрэнна жыць без бацькі, праўда?
— Вы любіце групу «Галасы ЗМеста»? [Мяркуючы па пастам ў яе Telegram-канале — любіць, — Hrodna.life]
— Чаму вы не адказваеце на мае пытанні? Я ж з вамі гаварыў у вашых відэа, — звяртаўся да яе блогер Vadimati.
Чым вядомая Вольга Бондарава ў Гродне:
— 38 гадоў, замужам;
— беспрацоўная;
— прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці — за кантрабанду цыгарэт у Польшчу;
— праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца, якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на «хімію», і Вадзіма Плаўскага, якога па тым жа артыкуле асудзілі на паўтара года калоніі;
— фігуравала ў справе аб «штрафе за гноміка» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэснага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы;
— прыходзіла на Кірава, 3, дзе размешчаны «Цэнтр гарадскога жыцця» і крама «Адметнасць». Пасля гэтага там прайшлі ператрусы;
— здымае на відэа паразвешваныя ў Гродне стужкі, налепкі і сцягі, аб чым распавядае ў Telegram-канале.
Адказчык ужо на «хіміі»
Васіль Пілец на пасяджэнне не прыйшоў — ён адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 29 у Ваўкавыску. Вольга хацела, каб ён прысутнічаў на пасяджэнні. Але суддзя Аляксандр Сіцько, які разглядаў справу, пачаў працэс без яго.
Прычынай іску Вольга пазначыла тое, што 14 снежня 2020 года на вул. Агінскага Пілец «схапіў яе за шыю левай рукой, здушваючы, прыцягнуў да сябе, затым заціснуў, здушваючы шыю, паміж плячом і перадплеччам правай рукі, тым самым прычыніў фізічны боль і маральныя пакуты». Таксама ён нецэнзурна выказваўся. Па словах Вольгі, яна адчула пачуццё знявагі, страх за сваё жыццё і здароўе.
12 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна прысудзіў Васілю Пільцу год «хатняй хіміі» па ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства». Абвінавачаны віну не прызнаў. Пілец па адукацыі эканаміст, жанаты, у яго трое малалетніх дзяцей — іх наяўнасць палічылі змякчальнымі абставінамі. Пазней Гродзенскі абласны суд замяніў «хатнюю хімію» на рэальную.
Пілец да гэтага быў не судзімы, прыцягваўся па «адміністрацыйцы» за парушэнне ПДР. Калегі на працы і суседзі па хаце характарызавалі яго станоўча.
«Па меры набліжэння яго габарыты станавіліся ўсё большымі і большымі»
Вольга ў тлумачэннях узгадала, што ў той дзень яны выйшлі з калегам Аляксандрам Галахавым на акцыю «Антывандал», узгодненую з «органамі правапарадку». Сутнасць акцыі, па словах Вольгі, «у ліквідацыі сімволікі дэструктыўнага зместу, якая нясе антыдзяржаўны сэнс». Яны прайшлі на вул. Кляцкава да пасёлку Паўднёвы і прыйшлі да Альшанкі. На тратуары ля прыпынку актывісты заўважылі «два сімвала БЧБ» і вырашылі зафарбаваць іх.
Калі яны зафарбоўвалі другі сімвал, з адлегласці ў 100−150 метраў на іх пачаў рухацца мужчына з дзіцем 5−6 гадоў і аўчаркай. Гэта быў Васіль Пілец. Сабаку без намордніка мужчына перадаў дзіцяці. Па словах Вольгі, дзіця не спраўляўся з сабакам. Падышоўшы, Васіль стаў нецэнзурна выказвацца. «Не зрабіў спробаў да канструктыўнага дыялогу, не павітаўся, спытаў: «Якога х** вы зафарбоўваеце асфальт?», — узгадала Вольга.
— Мужчына ішоў, разгойдваючыся, як баксёр на рынг, ці што, прыняў вельмі пагрозлівы выгляд. Па меры набліжэння яго габарыты станавіліся ўсё большымі і большымі. Адзначу, што мой рост — 174 см, рост Аляксандра, які быў са мной — у раёне 160 см. Калі Пілец наблізіўся, ён быў большы за два метры, на мой погляд — на дзве галавы вышэй за мяне. Пры тым, што ён схапіў мяне рукой за шыю — у яго рука найвелізарная, у мяне перахапіла дыханне. Яго не збянтэжыла ні наяўнасць дзіцяці, ні наяўнасць Аляксандра. З яго ён проста сарваў маску, штурхнуў двума рукамі — ён адляцеў, — распавяла Вольга.
Потым схапіў мяне, пераклаў маю шыю з адной рукі ў перадплечча іншай і прыпадняў — мае ногі практычна боўталіся над зямлёй. Гэтыя імгненні для мяне расцягнуліся… Перад вачыма ўсё жыццё прамільгнула за гэты час, што ён мяне … На той момант я вельмі спалохалася за сваё жыццё. < … > Ён казаў, што з-за такіх, як вы, «ябацек», людзей саджаюць у турмы, расстрэльваюць, жанчын гвалцяць. Якіх «ябацек»? Ён нават не паспрабаваў з намі пагаварыць, а ўжо зрабіў такія высновы, калі да нас набліжаўся, — пакрыўдзілася Вольга.
Абвінавачаны даваў іншыя паказанні
14 снежня Васіль выйшаў на шпацыр з сынам і з сабакам. Сабака пацягнуў дзіця, тое ўпала на пешаходную дарожку і запэцкалася ў фарбе. Убачыўшы наперадзе дваіх — пайшоў зрабіць заўвагу, навошта фарбуюць тратуары. Бондарава стала здымаць яго на мабільны тэлефон, распавядалі праваабаронцы з «Вясны» падчас працэсу ў лютым.
«Сказаў ёй, каб не здымала. Яна не рэагавала, я спрабаваў прыбраць яе руку з тэлефонам, каб не здымала. Падбег Галахаў, я яго адштурхнуў, затым адштурхнуў пакет з фарбай. Пацярпелы Галахаў узяў мяне за куртку, а я адхіліў руку Бондаравай з тэлефонам. Маска з Галахава спаўзла. Бондараву за шыю не захопліваў. Маску не зрываў з Галахава.
У іх гэта не першыя інцыдэнты, яны своеасаблівыя людзі. Я выклікаў у іх непрыязнае стаўленне з-за зробленай заўвагі. Маральных пакут Бондаравай і Галахаву я не прыносіў. Ішоў разабрацца, чаму дзіця запэцкала рукаў… Шмат іншых дзяцей таксама запэцкаліся гэтай фарбай».
«Я вельмі абражаная»
«У Гродне не такія вялікія сумы штрафаў спаганяюцца, як у Мінску. Па-другое, я рэальна баялася, што ён мяне задушыць. < … > Таксама Пілец выказваўся ў адрас маёй грамадзянскай пазіцыі, што таксама прычыніла мне, як свядомаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, маральныя пакуты — гэта ўсё было неабгрунтавана, і я вельмі абражаная», — патлумачыла Вольга суму запатрабаванай кампенсацыі.
— Улічваючы, што Пілец выказваў словы пра тое, што з-за такіх як мы, «ябацек», людзей забіваюць, ёсць здагадка, што непрызнанне яго віны кажа пра тое, што ён не збіраецца раскайвацца і надалей будзе працягваць гэтак жа. Гэта крывадушнасць наносіць асабіста мне расчараванне ў сумленнасці чалавечай. Я асцерагаюся, што калі Пілец выйдзе, а ён неўзабаве выйдзе, ён можа мець магчымасць паўтарыць свае дзеянні.
Суддзя пастанавіў спагнаць з Васіля Пільца 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 87 рублёў за дзяржпошліну.
Магчыма, падобны грамадзянскі пазоў Вольга выставіць і Вадзіму Плаўскаму. Сама яна на гэтае пытанне не адказала. Часам яна каментуе вынікі суда ў сваім Telegram-канале, але ў гэты раз меркаванне не выказала.