Актывісты "Гавары праўду!" правялі акцыю да Дня Канстытуцыі
Брэсцкія актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" правялі інфармацыйную акцыю, прымеркаваную да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка.
Як паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі Аляксандр Ігнацюк, 14 сакавіка яны адправілі па пошце брашуры з тэкстам Канстытуцыі старшыням Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкага гарвыканкама і гарадскога
савета дэпутатаў.
"Магчыма, мясцовай выканаўча-распарадчай уладзе не хапае ведаў асноўнага закона краіны, бо на тэрыторыі рэгіёну ён парушаецца, у прыватнасці арт. 33 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, і арт. 35, які гарантуе свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, — адзначыў Ігнацюк. — Мясцовыя ўлады, як мы лічым, з-за надуманых прычын у апошнія некалькі гадоў забаранілі актывістам дэмсіл правядзенне практычна ўсіх заяўленых імі акцый па грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных праблемах".
Ларыса Шыганава, БелаПАН