У Брэсце абмяркоўвалі пытанні еўрапейскай інтэграцыі
“Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага саюза” абмеркавалі ў горадзе над Бугам. З публічнымі лекцыямі да берасцейцаў прыехаў палітолаг, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец. У першы блок лекцый увайшла гісторыя і паняцце еўрапейскай інтэграцыі. Сустрэча сабрала каля двух дзясяткаў чалавек.
Алесь Лагвінец адзначыў, што берасцейская аўдыторыя была даволі дасведчанай і актыўнай:
— Вельмі ўсцешаны, што маладыя людзі актыўныя, я бачу гэта па вачах, задаюцца вельмі канкрэтныя пытанні, таксама я адчуваю ўжо пэўнае разуменне еўрапейскай інтэграцыі. Тут сабраліся тыя, хто далей будуць пашыраць, мультыплікаваць у сваім непасрэдным атачэнні ідэі еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскія каштоўнасці.
Арганізатарам сустрэчы выступіла агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” разам з Берасцейскім еўраклубам.
Са словаў Алеся Лагвінца, падобны курс лекцыі ўжо прайшоў у Магілёве, Гомелі, Гродне і Мінску. Наступныя дзве сустрэчы ў Брэсце пройдуць 23 і 30 сакавіка.