Алег Корбан: Правядзенне экскурсій для школьнікаў у Курапатах — на сумленні настаўнікаў

Ініцыятары калектыўнай прапановы «Аб уключэнні ў школьную праграму для старэйшых класаў пазнавальных экскурсій ва ўрочышча Курапаты» атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства адукацыі.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Як вынікае з дакумента, беларуская ўлада не гатова ладзіць масавыя экскурсіі школьнікаў у Курапаты. Фармальна — па прычыне адсутнасці атэставаных экскурсаводаў для гэтага маршрута і адсутнасці гэтага аб’екта ў Пераліку экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендаваны для наведвання навучэнцамі па вучэбных прадметах.
Пры гэтым, згодна дакументаў, пэўныя варыянты экскурсіі ва ўрочышча Курапаты ў рамках навучальнай праграмы усё ж існуюць. І такія прапаноўвацца па 2 прадметах – Беларуская літаратура і Гісторыя Беларусі. Вось што гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка міністра Раісы Сідарэнкі:
«Пры гэтым для больш поўнага вывучэння тэмы “Максім Гарэцкі” па прадмеце “Беларуская літаратура” у ходзе правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў прапаноўваецца наведванне экскурсійнага аб’екта “Крыж Максіму Гарэцкаму ва ўрочышчы Курапаты”»;
«Па прадмеце “Гісторыя Беларусі” прадугледжана правядзенне вучэбных заняткаў “Наш край”, якія дазваляюць пазнаёміць навучэнцаў з асаблівасцямі гістарычнага развіцця таго ці іншага рэгіёна, уключаючы Мінск з яго наваколлем, у тым ліку і з наведваннем урочышча Курапаты».
«Наколькі рэалістычныя такія экскурсіі ў фармаце дадатковага вывучэння тэмы Максіма Гарэцкага – пакажа час. Відавочна, што правядзенне падобных экскурсій яшчэ залежыць і ад сумлення і волі саміх настаўнікаў, якія згодна дадзенай пастановы могуць ладзіць наведванне мемарыяла ў Курапатах у рамках факультатыўных заняткаў», — каментуе рашэнне чыноўнікаў адзін з ініцыятараў прапановы Алег Корбан.
Нагадаем, восенню 2018 года, актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) сабралі 2 000 подпісаў мінчукоў пад зваротам да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з прапановай уключыць у школьную праграму прадмета «Гісторыя Беларусі» пазнавальныя экскурсіі ва ўрочышча Курапаты — месца масавай згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30—40-х гадоў ХХ стагоддзя. 
Паводле прэс-рэлізу