«Альтэрнатыва» прапануе ладзіць у Курапатах экскурсіі для школьнікаў

Грамадскае аб’яднанне «Альтэрнатыва» (зарэгістравана у Латвіі) рыхтуе зварот у Міністэрства адукацыі з прапановай уключыць у школьную праграму па гісторыі Беларусі экскурсію ва урочышча Курапаты – сусветнавядомае месца забойстваў ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930-1940-х гадоў. У падтрымку гэтай прапановы актывісты пачынаюць збор подпісаў сярод мінчукоў.  

kurapaty_ekskursija_23.10.16_10_logo_1.jpg

Мы лічым, што пазнавальныя экскурсіі ў Курапатах будуць спрыяць павышэнню інфармаванасці маладога пакалення малавядомымі трагічнымі эпізодамі сталінскай эпохі, а таксама пазітыўна ўплываць на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, маральнасць, прывучаць да памяці і шанавання сваіх продкаў. У той час, калі многія навучальныя ўстановы ладзяць так званыя “дабравольна-прымусовыя” экскурсіі на “Лінію Сталіна”, Курган Славы і г.д., то будзе справядліва паказваць школьнікам і адваротны бок тагачаснага рэжыму, ладзячы наведванне народнага мемарыялу ў Курапатах.
Няма сумневу, што без ведання і асэнсавання тых трагічных падзей, гісторыя можа паўтарыцца. Таму сёння дадзеная прапанова мае вялікі сэнс! Спадзяемся, што беларускія ўлады, можа паступова, але і ўключаць адпаведныя экскурсіі ў школьную праграму. Курапацкі лес цяпер гэтаму спрыяе – добраўпарадкавана тэрыторыя, зроблена бяспечная дарога, вось-вось адкрыецца мемарыяльны знак ад дзяржавы
”, – каментуе ідэю лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
У звароце прапануецца праводзіць экскурсіі для вучняў старэйшых класаў сталічных навучальных устаноў.           Нагадаем, з 1993 году ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі "найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць".
15 студзеня 1994 г. Курапаты наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, падчас чаго быў ўсталяваны памятны знак у выглядзе мемарыяльнай лаўкі "Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці".  
Паводле прэс-рэліза