Аднаму з абаронцаў Курапатаў разбілі нос

Удзельнікі Курапацкай варты ўвечары ў сераду сутыкнуліся з чарговай правакацыяй каля рэстарана «Поедем поедим».

Удзельнікі Курапацкай варты. Ілюстрацыйнае фота Алены Ляшкевіч

Удзельнікі Курапацкай варты. Ілюстрацыйнае фота Алены Ляшкевіч

Пра здарэнне ў сваім Фэйсбуку паведаміў актывіст Анатоль Наўмовіч.
«Толькі што на Абаронцаў Курапатаў быў здзейснены напад! Юрыю Палейку разбілі нос з крыкамі: "вас ж@дов стрелять нужно". І адразу злачынец з'ехаў», — напісаў Наўмовіч. Таксама ён дадаў, што па апісанні нападнік падобны на чалавека, які ў снежні спрабаваў разбіць «лаву Клінтана».

Сёння ў Курапатах нясе варту Беларуская хрысціянская дэмакратыя, па каментар НЧ звярнуўся да сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які прысутнічаў на месцы здарэння.
«Пад'ехаў чалавек, гадоў 50-60, на шэрай "маздзе" — нумар мы маем. Прыпыніўся, і ў момант, калі я падыйшоў даць яму буклет, ён рэзка газануў. Наперадзе стаяў Юрась Палейка — ён збіў яго на капот. Пасля гэтага выскачыў і пачаў раўсці благім матам. Дайшло да таго, што "тут стралялі жыдоў, і вас страляць трэба"», — распавёў палітык.

Павел Севярынец сказаў, што стараўся стрымаць нападніка на адлегласці выцягнутай рукі, але той усё ж патрапіў у твар Юрыю Палейку і да крыві разбіў яму нос. Апроч таго ён пляваў у твар і спрабаваў сарваць з Севярынца сцяг. 

Усё гэта здымалі на камеры міліцыянты ў цывільным, і толькі пасля таго, як Павел звярнуўся да іх, нападнік сеў у машыну і з'ехаў. Міліцыя прыехала, параілася з ціхарамі, а да абаронцаў супрацоўнікі нават не падыйшлі.
«Гэта прымушае думаць, што правакацыя была зрэжэсіравана самімі міліцыянтамі», — мяркуе палітык.
Ён пацвердзіў, што нападнік быў падобны на чалавека, які спрабаваў разбіць «лаву Клінтана» ў снежні, але дакладна гэта ўстанавіць змогуць толькі калі яго апазнаюць відавочцы тых падзей.