Алег Трусаў: Беларуская мова — гэта мова эліты

Родная мова — аснова любой нацыі. Таму 25 гадоў ідзе супраціў палітыцы прарасейскай улады ў Беларусі менавіта за выжыванне роднай беларускай мовы.

trusau_4.jpg


Актыўныя і свядомыя грамадзяне нашай краіны ўсё робяць для таго, каб выратаваць і пашырыць беларускую мову. Нядаўна было адсвяткавана 30-годдзе Таварыства беларускай мовы.

Ганаровы старшыня ТБМ, рэктар універсітэта імя Ніла Гілевіча — Алег Трусаў распавёў “Радыё Рацыя” пра сваё змаганне за мову.

— Чаму вы выбралі асновай сваёй дзейнасці менавіта змаганне за родную мову?

— Гэта, відаць, таму, што я родам з цікавага горада. Гэта горад Мсціслаў. Знакаміты горад, адкуль выйшаў і Пётр Мсціславец, і Гарэцкія. Мсціслаў заўжды быў фарпостам Беларусі на Усходзе. І я ніколі не забуду, як закрывалі на маіх вачах беларускамоўную школу ў цэнтры Мсціслава. Мне тады было шэсць з паловай гадоў. І чамусьці мая бабуля — яна была настаўніцай, не хацела падпісваць перавод мяне ў рускую школу. І тады прыйшло начальства з райкама партыі і сказала: “Жэншчына, еслі вы не падпішаце, то ваш унук не паступіць у Магілёўскі педінстытут”. І яна падпісала.

Пра што гэта гаворыць? Што, калі знішчылі вышэйшую адукацыю на беларускай мове, то лёс школы смяротны. Таму нашая мэта — адрадзіць універсітэты па-беларуску.

— Як вы ставіцеся да акцый, якія праходзілі 7-8 снежня супраць “паглыбленай інтэграцыі”?

— Вельмі станоўча. І я вельмі рады, што гэтыя акцыі сабралі велізарную колькасць моладзі. Гэта значыць, нездарма мы працуем з маладым пакаленнем. І мы бачым, што вырасла пакаленне незалежнай Беларусі, якое ні ў якія інтэграцыі гуляць не хоча.

— Вы звязваеце гэта з дзейнасцю ТБМ за гэтыя 30 гадоў?

— Канешне! Самы галоўны фактар любой нацыі — гэта мова. Знікае мова, ад народа нічога не застаецца. Мова заўжды галоўная прыкмета любой дзяржавы.

— Ужыванне беларускай мовы за трыццаць гадоў скарацілася.

— Я з вамі цалкам не згодзен. Справа ў тым, што за гэтыя 30 гадоў ад адмоўнага стаўлення большасці простых людзей да беларускай мовы мы маем цалкам станоўчае.

Нягледзячы на ўціск, мы сталі гарадской нацыяй. Беларусь — адна з самых гарадскіх краін у Еўропе. Мы займаем трэцяе месца пасля Англіі і Бельгіі. А ў горадзе гарадская эліта зараз хоць пару слоў, а па-беларуску скажа.

Зараз гэта мова эліты, гэта мова выключных людзей — пісьменнікаў, паэтаў. Не калгаснікаў. А вось сярод даярак і свінарак пайшоў рускі мат і трасянка.

Вёска, якая ўвесь час давала мову, памірае. І там ужо носьбітаў мовы засталося няшмат. А самы беларускамоўны горад — Менск. У беларускамоўную школу ноччу людзі чаргу займаюць, каб дзяцей аддаць. У нас восем беларускамоўных школ і гімназій у Менску. І паступова большае колькасць беларускіх класаў. Напрыклад, у Магілёве быў адзін дзіцёнак, а зараз ужо дзесяць ці дванаццаць.

Тыя ж Баранавічы. Куды ні паглядзіш, нейкі маленькі пад’ём ёсць. Я  — выкладчык. У мяне сотні студэнтаў. І калі раней, асабліва пасля рэферэндуму, прасілі па-руску чытаць, то зараз я кітайцаў вучу па-беларуску. Кітайцы разумеюць, што вывучыць беларускую мову ім прасцей, чым рускую. Бо беларуская мова вельмі блізкая да кітайскай. У нас ёсць “дз” і “дж”. Кітаец можа сказаць “Дзякуй!” без акцэнта. А “Спасибо!” ён не скажа.

— Што чакае нашае нацыянальнае адраджэнне?

— Нашае нацыянальнае адраджэнне чакае новых патрыётаў — нашу моладзь. Калі нашы дзеці і асабліва ўнукі захаваюць мову, то адраджэнне пераможа. Страцім унукаў і дзяцей — страцім усё. Ёсць ужо тры пакаленні: ёсць дзяды — гэта мы, ёсць бацькі і ёсць унукі.

Мы ўпершыню стварылі тры пакаленні свядомых беларусаў. А ранейшыя ў Курапатах ляжаць. Калі я загаварыў па-беларуску, мая бабуля плакала і казала — цябе за гэтую мову заб’юць! Бо яна бачыла 37-мы год. Зведала, што бывае з тымі, хто размаўляе па-беларуску.
https://www.racyja.com/hramadstva/aleg-trusau-belaruskaya-mova-geta-mova/