Скаргу Алеся Міхалевіча пра беларускую мову на мытні не задаволілі
Суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Гаргадзэ 13 снежня ад імя Рэспублікі Беларусі не задаволіла скаргі грамадзяніна Алеся Міхалевіча. Той скардзіўся на дзеянні супрацоўніка Брсцкай мытні па моўным пытанні.
У судзе Брэста разглядалі скаргу
вядомага беларускага палітыка Алеся Міхалевіча на супрацоўніка мытні.
Нагодай для скаргі стала сітуацыя на пункце мытнага афармлення “Варшаўскі мост”:
— Сутнасць справы ў тым, што некалькі месяцаў таму, калі я пераязджаў берасцейскі памежны пераход, супрацоўніца мытні на маю ветлівую просьбу перайсці на беларускую мову, адмовілася гэта зрабіць. Яна сказала, што яна не абавязаная. Пасля яны паклікалі супрацоўніка, які са мной размаўляў па-беларуску. Я напісаў заяву ў “Кнізе заўвагаў і прапаноў”. Пасля па выніках разгляду гэтай заявы яны прызналі, што ніякіх парушэнняў не было. Я вырашыў дайсці да суда. Абскардзіў гэта ў Мытны камітэт і падаў у суд, — распавёў Алесь Міхалевіч у каментары для “Радыё Рацыя”.
Сёння, 13 снежня, суддзя агучыла
пастанову суда:
— Кіруючыся артыкулам 302, 303, 304, 306, 357 грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд вырашыў — адмовіць Аляксею Міхалевічу ў задавальненні скаргі на дзеянні службовай асобы Брэсцкай мытні. Рашэнне можа быць абскарджана, апратэставана ў Брэсцкі абласны суд праз суд Маскоўскага раёна горада Брэста ў 15-дзённы тэрмін з дня вынясення рашэння або ў той жа тэрмін з дня ўручэння асобе, якая мае права на апеляцыйнае абскарджанне, апратэставанне па яе патрабаванні матываванай часткі рашэння, аб складанні якой яна мае права заявіць на працягу 10 дзён пасля абвяшчэння рашэння.
Некалькі месяцаў таму Алесь Міхалевіч праязджаў памежны пераход у Брэсце. З ягоных словаў, супрацоўніца мытні Алеся Пахомава адмовіла ў просьбе камунікаваць з ім па-беларуску. Алесь Міхалевіч у сваю чаргу напісаў заяву ў «Кнігу заўваг і прапаноў», а пасля дайшоў да Мытнага камітэта і суда. Ён збіраецца скардзіцца далей.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя