КДБ Беларусі атрымаў назву на беларускай мове

Камітэт дзяржбяспекі Беларусі атрымаў афіцыйнае найменне на беларускай мове, паведамляе Еўрарадыё.

kdb_euroradio.jpg

Яно ўводзіцца ўказам Аляксандра Лукашэнкі №445 ад 6 снежня 2019 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 11 снежня.
Ніякіх нечаканасцяў тут не адбылося, КДБ так і будзе называцца: Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Проста раней беларускамоўнай назвы афіцыйна не было. Палажэнне аб беларускім КДБ напісана на рускай мове, там фігуруе толькі рускамоўная назва камітэта.
Таксама Лукашэнка замацаваў назву КДБ на рускай мове: Комитет государственной безопасности Республики Беларусь — і скарочаныя назвы камітэта на рускай і беларускай мовах: КГБ і КДБ адпаведна.
Сваю гісторыю беларускі КДБ адлічвае з 1917 года, і толькі праз 102 гады ад заснавання і праз 28 гадоў існавання незалежнай Беларусі камітэт атрымаў афіцыйную назву на мове тытульнай нацыі.
Паводле euroradio.fm