Алексіевіч гатова пагасіць даўгі жанчыны-інваліда, якой пагражае высяленне на вуліцу
Лаўрэат Нобелеўскі прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч гатова выплаціць пазыкі па камунальных плацяжах інваліда з Гомеля Наталлі Васіленка, якой пагражае высяленне на вуліцу.
Пра гэта паведаміў грамадскі актывіст Уладзімір Кацора пасля размовы з пісьменніцай. Алексіевіч зараз знаходзіцца за мяжой.
«Я два гады ўжо спрабую арганізаваць сустрэчу нобелеўскага лаўрэата з гамяльчанамі, і таму знаходжуся ў кантакце са Святланай Алексіевіч, — распавёў Кацора. — Яна даведалася са СМІ аб праблемах Наталлі Васіленка і гатовая ёй дапамагчы, толькі прасіла ўдакладніць дэталі — суму запазычанасці, нумар рахунку і гэтак далей. Зараз пісьменніца у ад'ездзе, але да канца месяца вернецца ў Беларусь».
11 траўня суд Савецкага раёна Гомеля пачаў разглядаць пазоў камунальнага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Савецкае» да 41-гадовай Васіленка. Праз запазычанасць па камунальных плацяжах жанчыну хочуць выселіць з арэнднага пакоя плошчай 17 квадратных метраў без прадастаўлення іншага жылля — фактычна на вуліцу.
У адказчыцы цяжкая жыццёвая сітуацыя — трэцяя рабочая група інваліднасці, эпілепсія, падвышаны ціск, парок сэрца, інсульт, праблемы з ныркамі, адсутнасць сваякоў, працы і запазычанасць за камунальныя плацяжы.
Праз хваробы і мноства заканадаўчых абмежаванняў Васіленка доўгі час не можа ўладкавацца на працу, а цяпер можа пазбавіцца апошняга — пакоя ў кватэры. У гэтай кватэры жанчына жыве з 1976 года, яе блізкія сваякі памерлі. Два пакоі прыватызавала стрыечная сястра з мужам, у трэцяй жыве Наталля.
Раней Васіленка працавала ў будаўнічай арганізацыі, але ў 2011 годзе ў яе раптоўна пачалася эпілепсія. Лекары паставілі дыягназ і напісалі спіс абмежаванняў па працы, але трэцюю групу інваліднасці далі толькі ў 2014 годзе. Уладкавацца на працу з абмежаваннямі практычна немагчыма. Наталлю не ўзялі нават перабіраць гародніну, куды яе накіроўвалі ад біржы працы, яна не прайшла медыцынскую камісію. У 2016 годзе ў Васіленка здарыўся інсульт.
На сённяшні дзень жанчына атрымлівае пенсію, з якой 40% сыходзіць на пагашэнне крэдыту — яго яна брала на спажывецкія патрэбы, калі яшчэ працавала. У выніку на рукі Васіленка атрымлівае ўсяго 75 рублёў.
У судзе прадстаўнік КЖРЭУП «Савецкае» пацвердзілі патрабаванне: скасаваць дагавор найму жылога памяшкання, выселіць Наталлю без прадастаўлення іншага жылля. Яе запазычанасць па камунальных плацяжах складае 375 рублёў, пеня — больш за 500 рублёў. Усяго 911 рублёў і 7 капеек доўгу.
Пасля артыкулаў Naviny.by аб Наталлі многія прапанавалі ёй дапамогу. Васіленка ўдзячная ўсім, хто адгукнуўся на яе бяду, дапамог матэрыяльна і маральна.
«Сёння таксама працягваюць тэлефанаваць людзі, прапануюць дапамогу. Адна жанчына пералічыла сур'ёзную суму грошай, але прасіла, каб я выдаткавала гэтыя грошы не на камуналку, а на асабістыя патрэбы. Мне вельмі патрэбныя цяпер лекі, і дзякуючы ёй я купіла іх», - распавяла Наталля.
Прапанову дапамогі ад Алексіевіч яна ўспрымае «як казку, нешта незямное, нерэальнае».
«Тым больш, яна мая любімая пісьменніца, бо піша вельмі рэалістычна і праўдзіва. У мяне захоўваецца яе кніга «У вайны не жаночы твар» 1985 года выдання — гэта мая любімая кніга, я люблю кнігі пра вайну, пра партызанскі рух у Беларусі. Няма словаў, каб выказаць маю ўдзячнасць», — сказа Васіленка.
Слуханне справы па пазове КЖРЭУП «Савецкае» да Васіленкі ў судзе Савецкага раёна Гомеля працягнецца 22 траўня.
Паводле tut.by