Алена Анісім: Робім усё магчымае, каб захаваць ТБМ
«Таварыства беларускай мовы» абскарджвае ў Вярхоўным судзе другое пісьмовае папярэджанне, абвешчанае арганізацыі.

Алена Анісім
Як кажа старшыня ТБМ і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, нягледзячы на моцны ціск, арганізацыя працуе. Працуе офіс, адкрытыя банкаўскія рахункі, выходзяць газеты, якія выдае ТБМ:
— Будзе разглядацца наша скарга у Вярхоўным судзе, мы аспрэчваем другое пісьмовае папярэджанне Мінюста. Калі нам удасца хоць нейкім чынам пераканаць у тым, што гэта несправядліва, то справа будзе спыненая з ліквідацыяй ТБМ. Зрэшты, я думаю, што некаму вельмі выгодна трымаць нас у такім падвешаным стане — напэўна, для таго, каб мы альбо самі здаліся, альбо там нехта прыме такое рашэнне і, нягледзячы ні на якія юрыдычныя працэдуры, проста нас зачыніць.
Тым не менш, мы робім усё, што ў нашых сілах, у межах нават таго ўрэзанага заканадаўства, якое ёсць зараз, каб захаваць сваю арганізацыю і дзейнічаць законна, легальна і вынікова на карысць беларускай мовы, на карысць Беларусі, — кажа Алена Анісім.
Паводле «Беларускае Радыё Рацыя».