Алесь Бяляцкі: «Улады пачалі запланаваны наступ на незалежны прафсаюзны рух»

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў пра крымінальныя справы, заведзеныя супраць кіраўнікоў незалежнага прафсаюзу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

2d4ffbb4_b96a_478c_a420_d968106a8f7a_w1023_r1_s.jpg

«У ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафарганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)», — гаворыцца ў паведамленні камітэту.

 Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі ў лістападзе 2011 года быў асуджаны паводле таго ж артыкула 243 на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Адседзеў 2 гады 10 месяцаў, быў вызвалены па амністыі. На просьбу “Радыё Свабода” праваабаронца пракаментаваў справу незалежнага прафсаюзу:

 — Гэта поўная аналогія са справай супраць мяне асабіста і праваабарончага цэнтру «Вясна», якая была заведзеная ў 2011 годзе. Мінула 6 гадоў, і літаральна з розніцай у два дні (таму што мяне затрымалі 4 жніўня 2011 года), 2 жніўня мы бачым абсалютна падобныя затрыманні на тых самых падставах і з тым самым абгрунтаваннем, толькі прозвішчы іншыя.

 Я нагадаю, што тады спрабавалі завесці крымінальную справу супраць мяне і Валянціна Стэфановіча, але сума на рахунку Стэфановіча была меншая, чым мінімум, з якога можна было адкрыць крымінальную вытворчасць. Таму ў дачыненні да яго завялі адміністрацыйную справу, а на мяне — крымінальную.

 Падставай для справы супраць мяне была нерэгістрацыя «Вясны» — адзін момант, і другі момант — немагчымасць атрымання легальнай дапамогі з-за мяжы, тое, што дэкларуецца міжнароднымі пагадненнямі, якія падпісала Беларусь. Тым не менш у рэальнасці такая дапамога была проста немагчымая.

 У звязку з гэтым няўрадавыя арганізацыі, а таксама незалежныя прафсаюзы, верагодна, трапілі ў такую самую сітуацыю, у якую ў свой час трапілі праваабарончы цэнтр «Вясна» і я. Пакуль няма ніякіх канкрэтных дадзеных, і гаварыць, што гэта так, не выпадае. Таму што мы не маем ніякай інфармацыі па самой справе. Мы бачым з прэс-рэлізу Дзяржкантролю толькі абвінавачанні, якія выстаўлялі мне — той самы артыкул 243, частка 2. Але па сутнасці справы, што мае Дзяржкантроль супраць незалежнага прафсаюзу, супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, інфармацыі канкрэтнай няма.

 Але мяне насцярожвае, што паралельна праверкі адбываюцца і ў іншым прафсаюзе ў Салігорску, і тое, што старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук быў на допыце. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады пачалі запланаваны наступ на незалежны прафсаюзны рух. І гэта звязана з той актыўнай пазіцыяй, якую займалі і сам Фядыніч, і незалежныя прафсаюзы падчас вясновых пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах. Мы бачылі, што была распачатая адна крымінальная справа — так званых „патрыётаў“, якая выклікала шмат скептыцызму і крытыкі. І паралельна ўлады вырашылі ўдарыць па арганізаваных структурах, па незалежных, сапраўды апазіцыйных структурах: падчас сацыяльнай напружанасці, эканамічных праблем улады ўяўляюць менавіта іх сапраўднымі ворагамі.

 Вось так улады ўяўлялі ў 2011 годзе небяспеку ад праваабаронцаў, таму што тады мы крычалі на ўвесь свет, баранілі дзясяткі палітзняволеных, якія сядзелі ў турмах, у выніку чаго і я потым апынуўся за кратамі. А цяпер улады баяцца той верагоднай актыўнай ролі, якую незалежныя прафсаюзы маглі б адыграць гэтай восенню. Гэта практычна разгром незалежнага дэмакратычнага руху ў Беларусі.

 Я быў у той сітуацыі, у якой сёння апынуўся Фядыніч, і раю грамадзянскай супольнасці тэрмінова ўключыцца ў абарону незалежных прафсаюзаў. Гэта цалкам палітычны працэс.

 www.svaboda.org