Генадзь Фядыніч: «Крымінальная справа — помста за нашу дзейнасць»
«Гэта спланаваная акцыя, помста за нашу дзейнасць і пазіцыю цягам вясновых пратэстаў супраць Дэкрэту №3», — кажа лідар незалежнага прафсаюзу.
Лідар Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, затрыманы ўчора раніцай супрацоўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК, выйшаў на волю. Яго адпусцілі ўчора ў 20:30.
У дачыненні да Фядыніча распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 КК РБ — ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Ён распавёў «Белсату», што цяпер знаходзіцца ў статусе падазраванага, на допыце даў падпіску аб неразгалошванні.
«Прыйшлі раніцай у маю кватэру, пераварушылі ўсё, нават кніжкі. Забралі жорсткія дыскі з кампутараў і трошкі грошай. Мабільны тэлефон таксама забралі. Падчас ператрусу паводзілі сябе адэкватна, ніхто не пагражаў, я адразу даў ім доступ да ўсіх рэчаў», — гаворыць Фядыніч.
Распачатую супраць яго справу ён звязвае выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».
«Відавочна, гэта была спланаваная акцыя, помста за нашу дзейнасць і пазіцыю цягам вясновых пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Натуральна, доказная база ў справе адсутнічае, абвінавачванні не маюць абгрунтавання», — кажа лідар незалежнага прафсаюзу.
Фядыніч паведаміў, што справу вядзе следчы ДФР КДК Сяргей Дзмітрыеў.
Крымінальная справа па тым жа артыкуле (ч.2 243 КК) распачатая і супраць бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка. Як паведамляюць ягоныя калегі з РЭП, цяпер Комлік у ізалятары на Акрэсціна.
Акрамя Мінску, ператрус прайшоў учора і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску, а таксама ў кватэры яго кіраўніка Мікалая Зіміна.
Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Кацярына Андрэева, belsat.eu