Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны міжнароднай прэміяй Вацлава Гаўла

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы абвясціў Алеся Бяляцкага, які асуджаны на 4,5 года, лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гаўла на восеньскай сесіі ў Страсбуры.



pinczuk.jpg

Прэмію замест мужа атрымае Наталля Пінчук, фота Таццяны Рэвякі
Мэта прэміі Вацлава Гаўла — заахвочванне выдатных дзеячоў грамадзянскай супольнасьці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі.
Іншымі кандыдатамі на прэмію былі Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Сетка абароны правоў (Кітай). Прэмію ўручаюць штогод.
Памер узнагароды — 60 тысяч еўра.
Прэмію за А.Бяляцкага атрымлівае яго жонка, Наталля Пінчук.
За апошні час Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі, атрымаў некалькі ўзнагародаў: узнагароду імя Петры Келі, узнагароду Леха Валенсы, прэмію парталу «Хартыя’97» за выбітныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску 4 жніўня 2011 года.
У лістападзе 2011 г. суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і асудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці (у Бабруйскай № 2).
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, таму што цэнтр «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.
Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашана за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Пакаранне адбывае ў Бабруйскай калоніі №2 (вул. Сікорскага 1, ВК-2, атрад 14, Бабруйск, 213800).
svaboda.org