У Брэсце зладзілі пікет супраць «закона аб адтэрміноўках»

У суботу 17 жніўня ў цэнтры Брэста прайшоў пікет супраць новага закона аб прызыве ў войска.


Арганізатарамі пікета выступілі анархісты. Яны разгарнулі банэр з надпісам «Дэпутатаў — у войска, студэнтам — вучоба!» і звярталіся да жыхароў Брэста, заклікаючы пратэставаць супраць закона «аб адтэрміноўках».
«Па новым законе студэнты універсітэтаў, каледжаў могуць атрымаць адтэрміноўку ад войска толькі адзін раз. Усё гэта для таго, каб загнаць больш людзей на службу. Беларускае войска праславілася скандаламі, звязанымі з дзедаўшчынай, суіцыдамі, бескарыснымі працамі і пакалечанымі маладымі людзьмі. Войска — гэта месца, якое пазбаўляе чалавека годнасці і гонару. І хто сапраўды жадае марнаваць паўтара гады свайго жыцця, выконваючы бескарысныя заданні камандуючых? Хай паразіты-дэпутаты самі служаць колькі заўгодна, губяць сваё здароўе і адчуваюць на сабе ўсе любаты арміі.
Мы, анархісты, выступаем не толькі супраць новага закона, але і прызыву як такога. Для нас абарона дзяржавы, якая паразітуе на грамадзянах, з'яўляецца абсурднай. Галоўны вораг, ад якога народу варта сябе абараняць - гэта сама дзяржава» — сцвярджаюць пікетоўшчыкі.
Інфармацыі аб затрыманнях у сувязі з пікетам няма.