Андрэй Бандарэнка выйшаў з турмы
Кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэя Бандарэнку вызвалілі з турмы на Акрэсціна раней, чым чакалася.

Ён выйшаў а 9.30 раніцы. Суд залічыў яму некалькі гадзін, якія ён правёў у пастарунку пасля затрымання 14 верасня.
Зараз Андрэй Бандарэнка знаходзіцца дома. Ён паведаміў калегам, што адчувае сябе добра і гатовы да працы.
Андрэй Бандарэнка быў асуджаны 14 лістапада за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце памяці ахвяры менскага СІЗА нумар 1 Ігара Пцічкіна. Суд пакараў яго 5 суткамі арышту.
Пікет, у якім бралі ўдзел Жана Пцічкіна і праваабаронца Андрэй Бандарэнка, адбываўся каля СІЗА на вуліцы Валадарскага 14 верасня. Міліцыя не дазволіла людзям ускласці кветкі да муроў ізалятару ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Больш за 10 чалавек былі затрыманыя, шасцёра з іх адбылі дзень у ізалятары і потым былі асуджаныя на штрафы. Справы некаторых іншых затрыманых былі адкладзеныя.