ARCHE нарэшце атрымаў афіцыйныя адказы ад Дэпартамента фінансавых расследаванняў
11 красавіка рэдакцыя часопіса нарэшце атрымала афіцыйныя пісьмовыя адказы Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і гораду Мінску на дасланыя 25 сакавіка 2013 г. у гэту ўстанову адмысловыя запыты.
Валер Булгакаў
Першы з гэтых запытаў быў адасланы ад імя ТАА «Інбелкульт» (арганізацыі-выдаўца часопіса). У ім утрымлівалася просьба даць афіцыйнае пісьмовае паведамленне пра вынікі паўгадавой праверкі, якая вялася адносна дзейнасці ўстановы (дагэтуль супрацоўнікі ДФР абмяжоўваліся толькі вуснай канстатацыяй факта адмовы ў узбуджэнні крымінальнай справы). Другі запыт быў пададзены ад свайго імя былым галоўным рэдактарам часопіса Валерам Булгакавым. У ім Булгакаў цікавіўся далейшым лёсам калі 6000 асобнікаў розных кніг (усяго каля 30 назваў), уладальнікам якіх ён з’яўляўся і якія былі 2 кастрычніка 2012 г. затрыманыя ў вёсцы Юркавічы Лагойскага раёна.
Адказы на абодва запыты былі вельмі лаканічныя. У адказ на ліст ТАА «Інбелкульт» было адзначана:
Па выніках праверкі, праведзенай УДФР КДК РБ па Мінскай вобл. і гораду Мінску ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт. 243 КК РБ у дачыненні да Булгакава В. ад 21.03.2013 г. адмоўлена.
Прадпісанне аб прыпыненні аперацый па разліковым рахунку «Установы рэдакцыі часопіса «Архэ-Пачатак» адклікана.
Валеру ж Булгакаву адказ быў наступны:
Па выніках праверкі, праведзенай УДФР КДК РБ па Мінскай вобласці і г. Мінску ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт. 243 КК РБ у дачыненні да Вас ад 21.03.2013 г. адмоўлена.
У адпаведнасці з адказам Міністэрства інфармацыі РБ, распаўсюджанне належачых Вам выданняў, затрыманых у вёсцы Юркавічы, забаронена. У сувязі з чым для вырашэння іх лёсу Вам належыць прыбыць ва УДФР КДК РБ па Мінскай вобласці і гораду Мінску.
Што ж, нам застаецца толькі спадзявацца, што гэтым самым перыяд няпэўнасці ў жыцці Валера Булгакава нарэшце скончыцца, а канчатковы лёс затрыманых кніжных выданняў, якія яму належаць, таксама будзе не вельмі сумны.