Археолаг Яўген Уласавец: “На Ашмяншчыне пахаваныя апошнія язычнікі Еўропы”

Уявіце сабе, раскопваеш могільнік 13 стагоддзя, а там астанкі воінаў, якія загінулі ад мангольскіх стрэлаў…



images_cms_image_000029866.jpg

А цяпер уявіце, дзе Гальшаны, а дзе тыя стэпы знаходзяцца. Тысячы кіламетраў, а даходзілі сюды, у нашы лясы і балоты. І  мясцовае насельніцтва гінула, але абаранялася. Калі трымаеш у руках стралу, ад якой 600 гадоў таму загінулі воіны, мурашкі па скуры, — распачынае свой аповед археолаг Яўген Уласавец.

Раскопкамі ў Ашмянскім раёне Яўген займаецца ад 2007 года. Спачатку капаў у якасці валанцёра ў свайго сябра навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Паўла Кенько. Потым, пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ, а затым магістратуры і аспірантуры, уладкаваўся ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі і з 2012 года стаў право­дзіць уласныя даследаванні.

Асноўная сфера інтарэсаў — балцкія пахавальныя помнікі 13-15 стагоддзяў,  перыяд, калі стваралася і фарміравалася Вялікае Княства Літоўскае.

— У чым адметнасць балцкіх пахавальных помнікаў?

— Мясцовае літоўскае насельніцтва да таго, як яго ў 1387 годзе хрысціў вялікі князь літоўскі, а на той момант ужо і кароль польскі Ягайла, хавала сваіх нябожчыкаў паводле абраду трупаспалення. Гэта задакументавана ў многіх пісьмовых крыніцах як адносна простых людзей, так і ў адносінах да знакамітых асоб. Так, напрыклад.

Бацьку Ягайлы, вялікага князя Альгерда, у 1377 спалілі на вогнішчы разам з 12 баявымі конямі, срэбным поясам і іншымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці.

 Першую жонку Вітаўта таксама спалілі ў Айраголе (тэрыторыя Жамойці). У Літоўскай рэспубліцы вядома больш за сотню падобных могільнікаў, яны добра вывучаныя. У нас жа беларуска-літоўскім памежжам ніхто спецыяльна ніколі не займаўся, а калі і займаўся, то больш раннімі перыядамі — 5-8 стагоддзямі.

— Якія рэчы ўдавалася знайсці?

— Я капаю грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. А ў іх сустракаюцца вельмі розныя рэчы. Для археолага важная інфармацыя, якую нясе рэч або абломак рэчы. Часам невялікі фрагмент нейкага рэдкага або незвычайнага вырабу нясе больш інфармацыі, чым цэлы і прыгожы, але распаўсюджаны. Паколькі ён дазваляе ўдакладніць даціроўку археалагічнага помніка, больш аб сацыяльна-эканамічным развіцці, гандлёвых сувязях альбо праліць святло на пытанні этнічнага плана.

Ашмянскія могільнікі —  гэта пахаванні фактычна апошніх язычнікаў у Еўропе.

У могільнікі было прынята класці ў магілу памерламу ўсе рэчы, што атачалі яго пры жыцці, таму знаходкі прадстаўленыя ўсімі катэгорыямі: зброяй (сякеры, дзіды), рыштункам коннікаў (шпоры, дэталі конскай збруі), бытавымі прадметамі, упрыгожваннямі і элементамі адзення (фібулы, бранзалеты, гузікі) і іншае.

— Якой знаходкай ганарыцеся больш за іншыя?

— Нягледзячы на тое, што знаходзіў шмат усяго цікавага, больш за ўсё запомніўся мангольскі наканечнік стралы ў пахаванні па абрадзе крэмацыі Гальшанскага могільніка. Гэта знаходка наўпрост адсылае нас да летапісных звестках аб паходах мангола-татараў на Літву ў 1270-х гадах і дазваляе звязаць у адно цэлае гісторыю і археалогію.

Славяне насялілі Ашмяншчыну толькі ў 10 стагоддзі

 

— Ашмяншчына цікавая яшчэ тым, — працягвае Яўген, — што ў 13-14 стагоддзях яна была ўсходняй ускраінай так званай  “летапіснай Літвы”,  якая стала ядром Вялікага Княства Літоў­скага. У этнічным плане тэрыторыя Ашмянскага раёна практычна нічым не адрозніваецца ад тэрыторыі Паўднёвай, Усходняй і Цэнтральнай Літвы. Славяне праніклі на тэрыторыю Ашмянскага раёна толькі ў канцы 10 стагоддзя, па ўсёй верагоднасці падчас паходаў на Літву і яцвягаў кіеўскіх князёў Уладзіміра Святаслававіча і яго сына Яраслава. Яны знішчылі старыя балцкія крэпасці і на іх месцы заклалі свае, сфармаваўшы паблізу іх паселішча са змешаным балта-славянскім насельніцтвам. Але сама сельская мясцовасць, за выключэннем гэтых некалькіх крэпасцяў, была па-ранейшаму населеная балтамі. Яны з цягам часу, паступова, праз культуру і мову, асіміляваліся славянамі.

— Хто дапамагае вам у раскопках?

— Раскопкі даволі сціплыя па плошчы, капаю з калегам і блізкімі сябрамі. Многія з маіх сяброў займаюцца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй ВКЛ 13-14 стагоддзя, і ўдзел для іх у раскопках — выдатны спосаб убачыць на свае вочы рэканструюемыя імі прадметы.

— Куды дзеяце знойдзеныя рэчы?

— Знаходкі перадаюцца ў музеі. У прыватнасці, знаходкі за 2012 год з аднаго грунтавога могільніка, што месціцца каля Каменнага Лога, аддалі ў Ашмянскі раённы краязнаўчы музей.

— Вы нарадзіліся ў Маладзечне. А чаму не даследуеце Маладзечаншчыну? Нецікава ці яшчэ не прыйшоў час?

— Маладзечанскі раён даволі перспектыўны, але мала вывучаны. Каб з нуля падняць яго, трэба вельмі шмат сіл, сродкаў і часу.

У Маладзечанскім раёне планую праводзіць у далейшым работы, бо ёсць некалькі цікавых паселішчаў 13-15 стагоддзяў. Шмат вядомых у 14-15 стагоддзях баярскіх родаў мелі свае родавыя гнёзды на тэрыторыі раёна, а яны ўяўляюць вялікую цікавасць у археалагічных і культурных адносінах.

Сёлета вандроўкі па Ашмяншчыне Яўген  працягне. На пытанне, чаго чакае ад новых падарожжаў, адказаў, што толькі новых могільнікаў, а так, што цікавіла, ужо даўно знайшоў.

Пра сляды іншых народаў  на беларускай зямлі

 

Яўген Уласавец падзяліўся  сваімі думкамі наконт манет:

— Аднойчы я пераглядаў фатаграфіі манет, знойдзеных за апошнія пару археалагічных сезонаў у Ашмянскім раёне. Тут знаходзілі рымскія дэнарыі, дырхемы, грыўны і дэнарыі, польскія і літоўскія паўгрошы, шведскія соліды, манеты Расійскай і Германскай імперый, пфенінгі Веймарскай рэспублікі і Трэцяга Рэйха, злотыя міжваеннай Польшчы і нават літоўскія літы. На нашай зямлі паспелі пакінуць памяць аб сваёй прысутнасці літоўцы, палякі, немцы, французы, рускія, арабы, шведы, рымляне, кітайцы і нават галы.

www.rh.by