Арганізатары канцэрту «Дзецюкоў» прайгралі суд супраць цэнзуры
Апеляцыйны суд пацвердзіў ранейшае рашэнне Эканамічнага суда Мінска і зноў адмовіў заснавальніку партала TuzinFM Сяргею Будкіну ў задавальненні пазову да Мінгарвыканкама, які забараніў канцэрт гарадзенскага гурта «Дзецюкі».
Будкін назваў рашэнне гарадскіх уладаў палітычным і сказаў, што «суд відавочна стаў на гэты бок».
Ці будзе абскарджвацца вырак далей, арганізатар канцэрту «Дзецюкоў» яшчэ не ведае.
На ягоную думку, паколькі «Дзецюкі» ў сваёй творчасці ставяць знак роўнасці паміж нацызмам і камунізмам, Мінгарвыканкам, забараніўшы іхны канцэрт, прыняў палітычнае рашэнне.
«Мы чарговым разам паднялі пытаньне пра палітычную цэнзуру ў мастацтве ў Беларусі, і гэты суд пацвердзіў наяўнасць такой цэнзуры. Магчыма, застаецца праінфармаваць пра гэта ААН», — падсумаваў Сяргей Будкін.
Раней Сяргей Будкін абвясціў старт кампаніі «Талакой супраць цэнзуры». У прыватнасці, заклікаў падтрымаць праект «TuzinFM vs. ідэолагі» на Talaka.by, каб стварыць прэцэдэнт супрацьстаяння цэнзуры.
Паводле svaboda.org