Артыкул, па якім пераследаваліся Аляксандр Алесін і Андрэй Гайдукоў, выключаны з Крымінальнага кодэксу
Верагоднай прычынай прыпынення крымінальнай справы супраць журналіста і вайсковага аналітыка Алякандра Алесіна стала выключэнне Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2016 года з Крымінальнага кодэкса арт. 356.1 «Устанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы», па якому раней Алесіну было прад'яўленае абвінавачванне.
![alesin.jpg alesin.jpg](/img/v1/userfiles/images/alesin.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
25 студзеня стала вядома, што раней распачатая крымінальная справа ў дачыненні да журналіста і аглядальніка тыднёвіка «Белорусы і рынок» Аляксандра Алесіна прыпынена на падставе п. 5 ч. 1 арт. 246 КПК — «Немагчымасць правядзення следчых дзеянняў, без якіх не можа быць прынятае рашэнне аб заканчэнні папярэдняга следства». У сувязі з гэтым з Алесіна знятая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
За ўвесь перыяд дзеяння дадзенага артыкула (з лістапада 2011 года па студзень 2016 года) праваабаронцам вядомы толькі адзін выпадак яе прымянення — асуджэнне 1 ліпеня 2013 года да 1 году і 6 месяцаў пазбаўлення волі моладзевага актывіста з г. Наваполацка Андрэя Гайдукова.
Нагадаем, Аляксандр Алесін быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у адной з кавярняў Мінска 25 лістапада 2014 г. на сустрэчы па перадачы матэрыялаў, якія нібыта складаюць дзяржаўную таямніцу прадстаўніку аднаго з пасольстваў краіны ЕС у Беларусі. Яго падазравалі ў здзяйсненні злачынства па арт. 356 Крымінальнага кодэксу — «Здрада дзяржаве» і змясцілі ў СІЗА КДБ у г. Мінску. 10 снежня 2014 года ён быў вызвалены з-пад варты, а абвінавачанне ў дачыненні да яго была перакваліфікавана з арт. 356 на арт. 356.1.