Арышт «Шэрага Ката»: ужо не 45, а 60 сутак

Паводле звестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», ужо тройчы асуджаны за кратамі паводле ч.3 арт.23.34 КоАП, піша racyja.com.

2020_01_17_lipka_levinau_kot_f1.jpg


Хлопец трапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрымання 26 снежня мінулага года. 9 студзеня яго чакалі пасля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Оршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам – за ўдзел у менскіх акцыях супраць “паглыбленай інтэграцыі” 21 снежня. На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноў судзілі, цяпер за ўдзел у менскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суду – трэці арышт на 15 сутак. 13 студзеня судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Менск 29 снежня.
 Такім чынам, за кратамі “Шэры Кот” мусіць адбыць 60 сутак. Ці будуць перапынкі паміж арыштамі? Тлумачыць Павел Левінаў:
– У адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, чалавека нельга ўтрымліваць за кратамі больш як 25 сутак запар. Але 15 сутак у цябе сканчваюцца, ты па дакументах вызваляешся, і цябе нават могуць выпусціць за браму. А праз хвіліну затрымаць, і зноўку – у ІЧУ.
Сябры і аднадумцы збіраюцца сустракаць Дзмітрыя Казлова з аршанскага ІЧУ 24-га студзеня – пасля другога прысуджанага тэрміну. Але ці выйдзе Шэры Кот з-за кратаў, ці не, залежыць ад супрацоўнікаў міліцыі, якія могуць адправіць відэаблогера на чарговыя 15 сутак.
Павел Левінаў паведаміў, што яму вядома пра яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Дзмітрыя Казлова – ад 2 студзеня і ад 5 студзеня. У іх відэаблогера вінавацяць за заклікі ў сацыяльных сетках на менскія акцыі 20 і 21 снежня. У судзе гэтыя справы пакуль не разбіралі. Чакае Шэрага Ката і судовы разбор у Менску – за ўдзел у акцыі пратэсту 8 снежня мінулага года. 
racyja.com