Асуджаны да смяротнага пакарання беларус звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН
Асуджаны да смяротнага пакарання за двайное забойства жыхар Віцебскай вобласці Віктар Паўлаў звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН, паведамляецца на старонцы «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» ў фэйсбуку.
Зварот Віктара Паўлава зарэгістравалі 28 лютага за нумарам 3714/2020. Дакумент падрыхтаваў праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў у межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».
Пасля рэгістрацыі Камітэт па правах чалавека ААН звярнуўся да ўрада Беларусі з просьбай не прыводзіць прысуд у выкананне — да разгляду скаргі Віктара Паўлава ў вышэйшай міжнароднай інстанцыі па правах чалавека.
Нагадаем, 30 снежня 2018 гадоў ў вёсцы Прысушына Віцебскага раёна былі забітыя дзве сястры-пенсіянеркі. Ім было 76 і 78 гадоў, цела выявілі ў іх доме праз пару дзён.
Падазраваным апынуўся 50-гадовы жыхар суседняй вёскі. Ён часам дапамагаў жанчынам па гаспадарцы, а таксама, як высветлілі следчыя, ведаў, дзе тыя захоўваюць грошы. Аднойчы ён прыйшоў да жанчын і палкай збіў да смерці, забраўшы з дому 179 рублёў.
Мужчына да гэтага быў судзімы, у тым ліку за забойства з асаблівай жорсткасцю. Улічваючы асабліва небяспечны рэцыдыў, пракурор прасіў прызначыць мужчыне смяротнае пакаранне, і абласны суд 30 ліпеня 2019 гады з гэтым пагадзіўся.
Віктар Паўлаў абскардзіў смяротны прысуд і прасіў Вярхоўны суд не пазбаўляць яго жыцця. Аднак ён пакінуў вырак абласнога суда без зменаў.
Смяротнае пакаранне ў Беларусі
Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і СНД дзяржавай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. З 1990 года ў Беларусі былі расстраляныя больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. За ўвесь гэты час быў памілаваны толькі адзін чалавек.
У мінулым годзе быў расстраляны 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, а з ім, верагодна, і 24-гадовы Вячаслаў Сухарко. Абодва былі асуджаныя за забойства трох чалавек, у тым ліку маладой пары ў Мінску. 17 снежня быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Восіпавіча, які забіў двух дзяўчат у Бабруйску.
У 2019 года ў Беларусі вынеслі яшчэ два, акрамя ўжо пакаранага Восіпавіча, смяротныя прысуды. 48-гадовы Віктар Сергель 25 кастрычніка быў прысуджаны да выключнай меры пакарання за групавое забойства васьмімесячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе — і пакінуты без зменаў. Яго хаўрусніцу, маці дзяўчынкі, прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі. 50-гадовы Віктар Паўлаў 30 ліпеня быў прысуджаны да пакарання смерцю за забойства двух сясцёр 76 і 78 гадоў у вёсцы Прысушына Віцебскай вобласці. Пазней Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў у сіле смяротны прысуд забойцу двух пенсіянерак.
tut.by