Аштрафаваны адзін з выратавальнікаў, які выцягваў з вады пратэстоўцаў
9 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалі справу першага з выратавальнікаў ТВВОД (ОСВОД), якія 6 верасня пасля Марша адзінства выцягвалі з вады пратэстоўцаў (людзі ўцякалі ад сілавікоў, якія праводзілі жорсткія затрыманні), піша Еўрарадыё.
Матарыста Мікалая Купрыенку вінавацяць "у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы", перадае карэспандэнт Еўрарадыё з суда.
У пратаколе сказана, што супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Александровіч неаднакратна патрабаваў ад выратавальніка прычаліць да берага і перадаць яму асобаў, "падазраваных ва ўдзеле ў масавых беспарадках".
АСВОДавец не прызнае віну. Кажа, што не чуў, каб нехта яму нешта загадваў: "Я бачыў людзей, якія тонуць. Сінія губы, пена са рта. Людзі крычалі: "Дапамажыце, ратуйце!". Я ратаваў іх, я не чуў ніякіх загадаў".
Мікалай Купрыенка за тое, што не прывёз выцягнутых з вады пратэстоўцаў да супрацоўнікаў АМАП, аштрафаваны на 810 рублёў (30 базавых велічыняў). Гэта больш, чым яго месячны заробак. Неўзабаве суды чакаюць яшчэ семярых супрацоўнікаў мінскай станцыі АСВОД.