Бабарыку памянялі абвінавачанне: «даванне хабару» стала «атрыманнем хабару»

Генеральная пракуратура Беларусі 24 ліпеня паведаміла аб выстаўленні новага абвінавачання Віктару Бабарыку — былому старшыню «Белгазпрамбанка», які стаў палітычным зняволеным падчас збору подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты, паведамляе «Свабода».

05058155_7365_4b63_87bf_959f48017544_w1023_r1_s.jpg

Паведамленне даецца як адказ «у сувязі з публікацыямі ў шэрагу СМІ аб абскарджанні адвакатамі Бабарыкі выстаўленага яму абвінавачання». Сцвярджаецца, што ў час пракурорскага нагляду была правераная справа, якую расследуе Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Сабраныя ў справе доказы, паказанні сведак і іншых абвінавачаных, дакументы і носьбіты інфармацыі «далі падставу для выстаўлення новага абвінавачання» — яго выставілі 24 ліпеня.

«Дзеянні Бабарыкі В.Д. па атрыманні ад прадстаўнікоў камерцыйных структураў незаконных грашовых узнагародаў у агульнай суме больш за 28 млн рублёў і іх размеркаванне сярод кіраўніцтва ААТ “Белгазпрамбанк”, праведзеныя ім як службовай асобай — старшынёй праўлення дадзенага банку, перакваліфікаваныя з ч. 2 арт. 431 на ч. 3 арт. 430 КК як прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы, — піша Генпракуратура. — Акрамя таго, у новым абвінавачанні канкрэтызаваныя асобныя акалічнасці інкрымінаваных яму злачынстваў».

Чаму спачатку гаворка ішла пра артыкул аб атрыманні, а цяпер — аб даванні хабару, не тлумачаць. Расследаванне працягваецца.

Калі паводле ч. 2 арт. 431 пагражае да 5 гадоў абмежавання волі або ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі, то паводле ч. 3 арт. 430 — ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам.

Акрамя гэтых артыкулаў, Бабарыку таксама вінавацяць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў» паводле ч. 2 арт. 243 (пакаранне — абмежаванне волі да 5 гадоў са штрафам або пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў са штрафам) і ў «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» паводле ч. 2 арт. 235 (пакаранне — ад 4 да 7 гадоў пазбаўлення волі).

«З мэтай удакладнення абставінаў злачынных дзеянняў» следчыя КДБ накіравалі запыт «кампетэнтным органам» Латвіі, Эстоніі, Расеі, ЗША, Турцыі, Брытанскіх Віргінскіх астравоў і Рэспублікі Кіпр.

www.svaboda.org