Баевік з Беларусі – на білбордзе ў «ДНР»
Фота былога спецназаўца з Марʼінай Горкі, баевіка Сяргея Савіча (пазыўны «Белы») зʼявілася на білбордзе на тэрыторыі так званай «ДНР».

Білборд з нумарам тэлефону мясцовага ваенкамату заклікае ўступаць у шэрагі «добраахвотнікаў» у падраздзяленні баевікоў, у якасці твару кампаніі – 25-гадовы грамадзянін Беларусі Сяргей Савіч, пазыўны «Белы».
Вядома, што «Белы» паехаў ваяваць на Данбас на бок сепаратыстаў яшчэ ў чэрвені 2014 году. Ён служыў у падраздзяленні «Спарта», стаў камандзірам узводу, браў удзел у баях у Данецкім аэрапорце і пад Дэбальцава.
У лютым 2015 году ён даў інтэрвʼю аднаму з сепаратысцкіх СМІ, дзе распавёў, што вырашыў паехаць на Данбас пасля таго, як паглядзеў сюжэт расейскага тэлебачання пра «распятага хлопчыка».

Сяргей Савіч, «Белы»
Цяпер Савіч жыве ў «ДНР», ці бывае ён на радзіме – невядома. Звестак пра тое, што ён можа быць у вышуку паводле артыкулу 133 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Наёмніцтва» на сённяшні дзень няма.
Паводле belsat.eu