Бел-чырвона-белае «хуліганства»

Сонна-марозны ход калядных святаў разварушыла здарэнне ў Віцебску. На цэнтральнай 40-метровай святочнай ёлцы залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Пра гэтую падзею не напісалі ў дзяржаўных газетах і не паказалі па ТБ. Калі быць шчырымі, то для большасці беларусаў яна нічога і не значыць. Аднак для шэрагу людзей, светапогляд якіх грунтуецца на нацыянальных каштоўнасцях, гэта было маленькім падарункам, знакам, што хоць ты і ў меншасці цяпер, але не самотны. Сцяг супрацоўнікі міліцыі знялі, але гісторыя займела працяг.



d7657583058394c828ee150fada65345.jpg

Сонна-марозны ход калядных святаў разварушыла здарэнне ў Віцебску. На цэнтральнай 40-метровай святочнай ёлцы залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Пра гэтую падзею не напісалі ў дзяржаўных газетах і не паказалі па ТБ. Калі быць шчырымі, то для большасці беларусаў яна нічога і не значыць. Аднак для шэрагу людзей, светапогляд якіх грунтуецца на нацыянальных каштоўнасцях, гэта было маленькім падарункам, знакам, што хоць ты і ў меншасці цяпер, але не самотны. Сцяг супрацоўнікі міліцыі знялі, але гісторыя займела працяг.
Па падазрэнні за вывешванне сцягу быў затрыманы 35-гадовы сябра КХП — БНФ Сяргей Каваленка. Яго змясцілі ў следчы ізалятар на 2 месяцы, завялі крымінальную справу па артыкуле 339 частка 2 (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, або звязанае з супрацівам асобе, якой спыняліся хуліганскія дзеянні, або спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Максімальнае пакаранне — да шасці гадоў зняволення.
У кватэры Каваленкі міліцыянты правялі ператрус і канфіскавалі ўлёткі апазіцыйнага зместу. Бел-чырвона-белых сцягоў не знайшлі. Інфармацыя пра падзеі вельмі хутка разышлася па інфармацыйных рэсурсах у інтэрнэце. І тут праявілася дастаткова рэдкая для Беларусі з’ява — салідарнасць. У абарону Сяргея Каваленкі выступілі юрысты з ПЦ «Вясна», заявіўшы, што дадзены выпадак нельга кваліфікаваць як хуліганства: «У крымінальным заканадаўстве «хуліганства» вызначаецца як «наўмысныя дзеянні, якія па-грубіянску парушаюць грамадскі парадак і дэманструюць відавочную непавагу да грамадства». Для азначэння складу хуліганства патрабуецца, каб дзеянні чалавека суправаджаліся вызначанымі акалічнасцямі. Такіх акалічнасцяў тры: гвалт або пагроза ўжывання гвалту, знішчэнне або псаванне чужой маёмасці, праява выключнага цынізму».
«Відавочна, што ў дзеяннях Сяргея Каваленкі першыя дзве акалічнасці адсутнічаюць, — патлумачыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Застаецца толькі «выключны цынізм», які адносіцца да ацэначнай катэгорыі. Гэту ацэнку дае следства, а потым і суд. Але наогул вывешванне бела-чырвона-белага нацыянальнага сцяга — гэта палітычнае дзеянне, а не дзеянне, накіраванае на парушэнне грамадскага парадку, і ні ў якім разе не з’яўляецца праявай цынізму, пагарды да грамадства».
Пасля да патрабаванняў вызваліць актывіста далучыліся партыя КХП — БНФ, Рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэнню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У панядзелак у Віцебску адбыўся сход па стварэнні грамадскага камітэта ў абарону арыштаванага. Аднак найбольш у распаўсюдзе інфармацыі сваю ролю сыгралі менавіта інтэрнэт-рэсурсы, тым самым мабілізаваўшы неабыякавых людзей да салідарнасці і падтрымкі актывіста. У выніку вечарам 12 студзеня Сяргея выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Сяргей свой учынак назваў справай гонару і палітычнай акцыяй.
Першым навіну пра сцяг паведаміў сайт «Народныя навіны Віцебска». За аператыўнасць паплаціўся рэдактар сайта Сяргей Серабро. 13 студзеня міліцыя правяла вобшук у кватэры журналіста і канфіскавала два кампутары, фотаапарат. Акрамя таго, рэдактару тэлефанавала следчая Аксана Муравіцкая, якая запрашала яго на размову адносна здымкаў бел-чырвона-белага сцяга на ёлцы. Калі нататка ў сеціве пра сцяг здольная мабілізаваць да супольных дзеянняў столькі людзей, то не дзіўна, што ўлады даўно ходзяць вакол пытання кантролю за сусветнай павуцінай. Тым больш актуальна гэта становіцца ў перыяд падрыхтоўкі да выбарчых кампаній.
Цяперашнія ўлады надзвычай балюча рэагуюць на з’яўленне нацыянальнай сімволікі, якая ў сваю чаргу для іх апанентаў ёсць сімвалам іншай, не аўтакратычнай Беларусі Лукашэнкі. Як некалі кіраўнік справамі Адміністрацыі прэзідэнта Іван Ціцянкоў пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму 1995 года аб змене дзяржаўнай сімволікі з групай падтрымкі залез на дах будынка Дома ўраду ў Мінску і ўласна разарваў бел-чырвона-белы сцяг на сувеніры, так сёння сілавікі і вертыкальшчыкі з апантанасцю вылічваюць-вылоўліваюць тых, хто спрабуе вярнуць нацыянальны сімвал на яго месца.
За гэты час нацыянальныя сцягі перыядычна з’яўляюцца ў публічных месцах па ўсё Беларусі. Незарэгістраваны «Малады Фронт» перыядычна ладзіць акцыю «Горад наш!», вывешваючы сцягі на дахах дамоў, летась актывісты «Еўрапейскай Беларусі» вывесілі сто бела-чырвона-белых сцягоў уздоўж праспекта Незалежнасці ў сталіцы. І хаця паводле сацыялагічнага даследавання лабараторыі «Новак» бел-чырвона-белы сцяг лічаць сімвалам Беларусі менш за 10 працэнтаў рэспандэнтаў, для цэлага шэрагу людзей ён з’яўляецца знакам іх жыцця і дзейнасці. Таму паказальны суд над Сяргеем Каваленкам, які хутчэй за ўсё будзе мець месца, не пазбавіць улады ад бел-чырвона-белай прычыны галаўнога болю.