2019-ты год імкліва ляціць наперад і саступае месца наступнаму. Увесь гэты год мы сачылі за самымі актуальнымі падзеямі Беларусі і свету, асвятлялі для вас усё самае цікавае. Узгадайма жа, якім быў год і чым запомніўся.
Студзень
У Венесуэле разгарнуўся буйны палітычны
крызіс. Шматтысячныя дэманстрацыі супраць прэзідэнта Мадуры суправаджаліся жорсткімі разгонамі пратэстоўцаў. Тым часам ЗША і Еўропа выказвалі падтрымку лідару апазіцыі Хуану Гуайду.
Беларусь страціла заснавальніка фантасмагарычнага музея-сядзібы Літоўка
Сяргея Коваля. Выказвалася версія аб самагубстве бізнесоўца.
Люты
Увесь месяц і нават даўжэй разгортвалася «справа БЕЛТА»: у цэнтры ўвагі быў
судовы працэс над галоўнай рэдактаркай партала TUT.BY
Марынай Золатавай. У выніку Марына была пакараная штрафам і сплатай судовых выдаткаў.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў школе горада
Стоўбцы. Вучань напаў з нажом на настаўніцу і аднакласніка, яны загінулі. Хлопца затрымалі і змясцілі пад варту.
Сакавік
Дзень Волі і 101 год утварэння БНР адзначылі ў Гродне вялікім урачыстым канцэртам. Першапачаткова заяўка на правядзенне мітынгу і канцэрта была пададзена на стадыён «Дынама» ў Мінску, але Мінгарвыканкам не задаволіў яе. На канцэрт ля Каложскай царквы ў Гродна з'ехаліся беларусы з усіх гарадоў. У Мінску мітынг адбыўся на наступны дзень, у Кіеўскім скверы.
Ва Украіне на прэзідэнцкіх выбарах перамагае
Уладзімір Зяленскі. Гэта стала своеасаблівым феноменам і паклала пачатак новаму перыяду палітыкі не толькі ва Украіне, але і ва ўсім рэгіёне.
Красавік
Крыжалом у
Курапатах. Нягледзячы на супраціў грамадства, улады выкарчавалі і вывезлі дзясяткі драўляных крыжоў, усталяваных у Курапатах валанцёрамі.
Упершыню за 30 гадоў не адбыўся
Чарнобыльскі шлях: арганізатары акцыі палічылі выдаткі на яе непамернымі і адмовіліся ад правядзення. Але некалькі дзясяткаў чалавек тым не менш сабраліся ў цэнтры Мінска.
У Францыі адбыўся вялікі
пажар у саборы Нотр-Дам у Парыжы. Нягледзячы на адсутнасць чалавечых ахвяраў, гэтае здарэнне стала трагедыяй не толькі для французаў, але і для жыхароў іншых краін.
Травень
У Магілёве быў знойдзены забітым супрацоўнік ДАІ
Яўген Патаповіч. Афіцыйнай версіяй стала самагубства. Але абставіны, пры якіх быў знойдзены мужчына, і інфармацыя аб яго папярэднім выкраданні прымусілі грамадства сумнявацца ў заявах СК. У сувязі з падазрэннямі ў выкраданні былі праведзеныя
масавыя вобшукі ў абшчынах ромаў у Магілёве.
У Беларусі была створана масонская Вялікая ложа, Вялікім майстрам якой стаў Сяргей Дубавец. Гэта вельмі
абурыла расійскіх масонаў.
Чэрвень
У Мінску адбыліся
ІІ Еўрапейскія гульні. Яны суправаджаліся пэўнымі
казусамі і нават дыпламатычнымі
скандаламі. Выдаткаваныя на правядзенне гульняў
сродкі выклікалі вялікае абурэнне ў грамадстве.
Ліпень
Сумным здарэннем скончылася святкаванне
3 ліпеня. Падчас салюту адбыліся выбухі феерверкаў, у выніку якіх загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек.
КДБ распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да ўладальнікаў акумулятарнага завода ў Брэсце. Прадпрыемства было спынена пасля працяглых пратэстаў жыхароў.
Жнівень
Беларускі ўчастак
нафтаправода «Дружба» цалкам ачысцілі ад «бруднай» нафты з Расіі. Забруджаная няякасная нафта пачала паступаць у нафтаправод у красавіку. У выніку беларускія НПЗ не працавалі некаторы час, быў спынены транзіт нафты ў Еўропу.
У Маскве тым часам адбываліся
мітынгі, нагодай для якіх стала нерэгістрацыя прадстаўнікоў апазіцыі як кандыдатаў на выбары ў Масгардуму. Пратэсты суправаджаліся жорсткімі разгонамі, пераследам і пакараннямі ўдзельнікаў. У беларускім грамадстве праводзіліся паралелі з мінулымі вулічнымі акцыямі ў Беларусі і будаваліся прагнозы на будучыню. Некаторыя
беларусы таксама прымалі ўдзел у маскоўскіх пратэстах.
Верасень
Расія і Украіна
абмяняліся зняволенымі. Ва Украіну вярнуліся 35 чалавек, у тым ліку рэжысёр Алег Сянцоў, а таксама захопленыя ў Керчанскім праліве маракі.
Рэзанансным у беларускім грамадстве стала
здарэнне ў адной з гомельскіх школ. Вучні малодшых класаў знялі відэа, на якім настаўніца пагражае аднаму з іх, трымаючы над ім парту, і выкарыстоўвае нецэнзурную лаянку. Відэа разляцелася па СМІ, у выніку праверкі настаўніца была звольнена, але пазней адноўлена на працы загадам Аляксандра Лукашэнкі.
Кастрычнік
У Беларусі адбыўся
перапіс насельніцтва. Папярэдні перапіс праводзіўся за дзесяць гадоў да гэтага, у 2009 годзе. Перапіс–2019 праводзіўся з выкарыстаннем інтэрнэта. Падчас працы перапісчыкаў адзначаліся фальсіфікацыі: некаторыя перапісчыкі аўтаматычна ўносілі ў анкеты рускую мову ў якасці роднай, не задаючы пытання, што выклікала
вялікае абурэнне ў беларусаў.
Лістапад
Выбары ў Палату прадстаўнікоў і шматлікія фальсіфікацыі. У новы склад Палаты прадстаўнікоў не трапіла ніводнага апазіцыйнага кандыдата. Дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая яшчэ на этапе праверкі подпісаў былі знятыя з выбарчай кампаніі.
У Вільні адбылося перазахаванне парэшткаў
Кастуся Каліноўскага. Сотні беларусаў наведалі ўрачыстыя
мерапрыемствы.
Снежань
На пачатку месяца з'явілася публічная інфармацыя аб магчымым стварэнні наднацыянальных органаў і паглыбленай інтэграцыі Расіі і Беларусі. Гэта паклала пачатак шматлікім
пратэстам як у Беларусі, так і ў
іншых краінах. За ўдзел у акцыях пратэсту былі пакараныя штрафамі і суткамі дзясяткі чалавек. Інтэграцыйныя дакументы кіраўнікамі краін дагэтуль не падпісаныя, нават пасля некалькіх сустрэч. А вулічныя акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі працягваюцца.