У Лідзе адбыўся адзіночны пікет супраць інтэграцыі
Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў арганізатар пікета Вітольд Ашурак.

Фота з фэйсбук-старонкі Вітольда Ашурка
29 снежня ў горадзе Ліда каля помніка Гедыміну на рагу вуліц Грунвальдскай і Замкавай адбыўся адзіночны пікет супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Пікет зладзіў вядомы бярозаўскі палітычны і грамадскі актывіст, сябра Партыі БНФ і ГА «Рух "За Свабоду"» Вітольд Ашурак. Апрануўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».
— Пікет праходзіў каля помніку Гедыміну і доўжыўся 20 хвілін. Гэты час быў выбраны не выпадкова. Якраз у касцёле насупраць сканчаецца нядзельная імша і прыхажане, вяртаючыся дадому, праходзяць каля помніка Гедыміну, — распавёў Вітольд.

Людзі прыязна рэагавалі на пікет, выказвалі словы падтрымкі, з задавальненнем фатаграфавалі акцыю. Аўтакіроўцы падавалі сігналы і крычалі «Жыве Беларусь!»

Вітольд Ашурак вядомы сваімі крэатыўнымі акцыямі.
Адна з іх адбылася ў 2017 годзе: актывіст усклаў да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі
як нагадванне пра ахвяр камуністычнага рэжыму.