Надзвычайныя здарэнні падчас салюту ў Мінску. Ёсць пацярпелыя
Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Аскепкамі параніла сталую жанчыну, яе забрала хуткая дапамога. Таксама малое дзіця параніла ў руку. Павыбівала шкло ў будынках у розных частках гораду. Акрамя таго, паведамляюць, што пасля параду танк «ледзь не ўляцеў у пешаходаў», піша svaboda.org.
Гледачы параду і салюту на афіцыйны Дзень незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску паведамляюць у сацсетках падчас запуску феерверкаў. У цэнтры гораду чулі прынамсі два надзвычай гучныя выбухі, бачылі дым над зямлёй. Апоўначы парк Перамогі перакрылі.
Паводле непацверджаных звестак з некалькіх крыніцаў, адна пацярпелая памерла.
Атрымаць аператыўны каментар ад Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і Міністэрства ўнутраных справаў Свабодзе не ўдалося.
Што кажуць відавочцы
Пра здарэнне Свабодзе расказаў відавочца:
«Рвануў салют.. І аскепкі паляцелі ў розныя бакі. Жанчыне горла перарэзала, артэрыю, кравішчы — жах, — расказвае ён. — Я бачыў, як яе ў хуткую неслі. Пажылая жанчына. Напэўна, бабуля. Дзіця таксама зачапіла па руцэ. Малое дзіця, гадоў пяць. Хуткая прыехала імгненна».
Яшчэ некалькі чалавек, кажа ён, таксама звезьлі на хуткай. Паводле розных сведак, 3-4 выбухі праляцелі нізка над зямлёй, ляцелі нейкія аскепкі.
«Быў незразумелы выбух, — распавяла Свабодзе яшчэ адна відавочца. — Мы з мужам сказалі, што нешта не так у вайскоўцаў. А за спінаў закрычала жанчына, і побач з ёю жанчына ў крыві ўпала. Хутчэй за ўсё яе маці. Хуткай не было хвілін сем. З вады падняўся ратавальнік, зажаў горла жанчыне, было шмат крыві».
Паводле жанчыны, гэта адбылося каля моста праз Свіслач, што недалёка ад будынку клубу «Дынама» на вуліцы Даўмана.
Як сцвярджае Telegram-канал Nexta, адзін з залпаў салюту падарваўся надта нізка ў раёне будынку клубу «Дынама», аскепак нібыта трапіў у галаву жанчыне, яшчэ адзін зарад нібы выбухнуў над пускавой устаноўкай у Чыжоўцы, бітае шкло нібыта сфатаграфавалі ў раёне стэлы «Мінск — горад-герой», у спарткомплексе «Дынама» і будынках ля пачатку вуліцы Веры Харужай.
Асцярожна, ненарматыўная лексыка
Зноў дрыфтаваў танк
Паводле звестак Tut.by, пасля параду адзін з танкаў «ледзве не ўляцеў у пешаходаў на тратуары». Пра пацярпелых не паведамляецца. Падобнае здарэнне — «дрыфт» танку — было на рэпетыцыі параду 25 чэрвеня 2017 году, тады таксама не паведамлялася пра пацярпелых.