Плошча, Майдан, Бульварнае кальцо

У мяне не будзе для вас рэпартажаў з маляўнічымі фотаздымкамі: іх багата ў сеціве. У мяне не будзе і глыбокіх аналітычных развагаў пра тое, што «Расіі наканавана цярпець» ці «яшчэ крыху — і імперыя выбухне»: іх таксама ўжо дастаткова, пагатоў і тых, і тых. Гэта толькі мая ўласная гісторыя, і яна пра страх, і нянавісць, і рэфлексы, і любоў.

pregel.info

pregel.info

Вуліца — гэта заўжды супраць несправядлівасці. Хто выходзіць на вуліцу? Тыранаў і дыктатараў, злачынцаў і тэрарыстаў вы там не пабачыце, яны звычайна на танках ды з іншай зброяй. Калі людзі масава ідуць на вуліцы — гэта азначае, што здарылася нешта, што яны больш не жадаюць цярпець. Акумулятарны завод, што атручвае наваколле; прэзідэнт, што скасоўвае пагадненне з Еўрасаюзам; чыноўнікі, што не рэгіструюць апазіцыйных кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах. Людзі адчуваюць крыўду, несправядлівасць, пагрозу сваім інтарэсам — і ідуць на пратэст. І калі ў суседняй краіне такія пратэсты, у якіх бяруць удзел дзясяткі тысяч і не першы тыдзень, то быццам трэба захапляцца, і перажываць, і спачуваць… Але штосьці не так.
Пяць з паловай гадоў таму я пісала ў сваіх сацсетках эмацыйныя назіранні, грэючыся кавай падчас рэдкіх перапынкаў марознай майданаўскай варты. Пісала пра страх і невядомасць, пра захапленне валанцёрамі, якія днём і ноччу жылі гэтай вуліцай, пра салідарнасць: яна лунала ў спевах гімна дзясяткамі тысяч галасоў, у вогнішчах каля змайстраваных барыкадаў, яна дапамагала адбіваць сяброў у «беркутаў», прымушала ўставаць на ногі пасля аглушальнага разрыву светлашумавой гранаты над галавой. Мы, беларусы, у Майдане ўдзельнічалі досыць актыўна: бяда ўспрымалася блізкай, а вораг — агульным. Дзевяць гадоў таму мы не зрабілі свайго «майдану», хаця і дзве-тры гадзіны вельмі намагаліся. Я памятаю гэты агромны натоўп — ніколі ў Мінску такога не бачыла. Масавы вулічны пратэст неверагодна ўражвае сваёй энергіяй, сімвалізмам, нечаканымі выпадкамі ўзаемадапамогі і смеласці. Уражвае сваёй дынамікай, які б ні быў яго вынік. Беларуская плошча 2010 года і ўкраінскі Еўрамайдан — самыя ашаламляльныя падзеі, якія я пакуль перажыла ў сваім жыцці. І вось ізноў «вуліца», недзе блізка. Але штосьці — не так. Гэта я зразумела па рэакцыі на зборы ў Маскву.
— А там ты што забыла? — сказала мама.— Ды чорт з імі, хай самі разбіраюцца, — сказаў сябар.— Я тваю котку карміць не буду, — сказала сяброўка. — Не дзеля гэтага горада.
Яна сочыць, каб прадукты ў кошыку ў «Еўраопце» былі не з кодам 46. У маім асяроддзі такіх нямала. Пяць гадоў, пакуль сябры, знаёмыя і ўсе астатнія проста добрыя людзі змагаліся з агрэсіўнымі «крымнаш», георгіеўскімі стужкамі, цытатамі Кісялёва ды візітамі Салаўёва — змагаліся, хто чым мог: допісамі ў сацсетках, пікетамі, скаргамі ў афіцыйныя інстанцыі, байкотам расійскіх тавараў — пяць гадоў не праходзяць дарма. Выпрацоўваюцца пэўныя рэфлексы. І таму знешне быццам тое самае: людзі — несправядлівасць — пратэсты — падтрымаць, а ў вачах тых, каго папярэджваеш, каб на суботнюю вячэру не чакалі, пытанне, ці ты зараз не пажартавала.
Але я не пажартавала і паехала. Мне, дасведчанай вандроўніцы, падавалася, гэта павінна быць лёгка: нават моўнага бар’еру няма ж. Як я недаацаніла гэтыя самыя рэфлексы. Чаму ў нашым асяроддзі прынята думаць, што ў Маскве цябе адразу саб’юць, абрабуюць ці яшчэ чаго горш, адкуль гэтая міфалогія? Тым не менш мне ў краме размаўляць па-руску было цяжэй, чым па-англійску ў Еўропе: надта старалася не выдаць у сабе немясцовую. Праз колькі часу падумала: навошта стараюся? Горад як горад. А якім яму яшчэ быць? І ці не са мной гэта штосьці не так, калі вока дзёргаецца ад кожнага трыкалору (але ж яны тут дзяржаўныя сімвалы), калі сувенірныя какошнікі ды шапкі-ўшанкі выклікаюць смех (але чым тут яшчэ гандляваць, партрэтамі Навальнага?) і калі ветлівасць ды гасціннасць прымушаюць здзіўляцца ад нечаканасці? Не паверыце, але яны ветлівыя, яны вітаюцца, усміхаюцца, дапамагаюць і падказваюць, пры мне жанчыну пусцілі ў музей за ільготны тарыф, хаця яна і забыла дома пенсійнае пасведчанне.

img_20190814_155154_2_logo.jpg

Ды вось не так менавіта тое, што гэта і ёсць той самы «агульны вораг», наш з украінцамі супольны, які, хоць і не меў непасрэднага дачынення да нашых унутраных нагодаў для вулічных пратэстаў, усё ж заўжды нябачна прысутнічаў там, за спінамі «Беркута» ды АМАПа. Мы яго адчувалі і ўсё разумелі. Не дзіва, што выпраўляючыся ў краіну, якую ў тваім асяроддзі інакш як Мордарам не называюць, пачуваешся бы ў падарожжы на іншую планету.
Але ці яна такая? «От Алтуфьево до Пражской лишь на первый взгляд далеко». А ад Масквы да Прагі? Вялікі горад з натоўпамі турыстаў, неверагоднай культурнай разнастайнасцю, багатай архітэктурнай спадчынай, сучаснымі моднымі тэндэнцыямі развіцця. Павольны шпацыр па пешаходнай вуліцы з усімі характэрнымі для гарадской культуры вулічнымі канцэртамі, перфомансамі, дэкарацыямі ды астатнімі актыўнасцямі — на нейкі момант я растварылася ў гэтым карнавале, трошкі забыла, дзе я, і ўключыўся зусім іншы рэфлекс: быццам звычайная пагулянка ў якой Празе ці Барселоне. Але, безумоўна, адной гарадской культуры недастаткова для цывілізаванасці: калі імкненне да заходніх стандартаў застаецца толькі знешнасцю без сутнасці, атрымліваецца не развіццё, а карга-культ.

img_20190814_173055_2_logo.jpg

Ужо праз дзесяць хвілін самотнага шпацыру мне прапанавалі выпіць гарэлкі. Вось і «клюква» спраўдзілася, скажаце вы, але ці прыйшло б мне ў галаву здзіўляцца прапанове, напрыклад, якога вясёлага ірландца пакаштаваць мясцовы эль? Чаму ж тое, што мы спакойна ўспрымаем у іншых месцах, так неспакойна ўспрымаем у Расіі?
Русафобія, скажуць рускія. Апошнія адзінаццаць год — гэта ўжо калі і Грузію ўлічваць — мы адказвалі ім звычайна, што ніякай фобіі няма там, дзе ёсць самая простая нянавісць. І што для гэтай нянавісці яны ўсім нам далі дастаткова нагодаў. Вядома, што ва ўсім вінаватыя не людзі, а іх улады. Ці ўсё ж людзі? Бо не ўлады вешаюць ім на машыны георгіеўскія стужкі і налепкі «можам паўтарыць». 85% падтрымкі гэтых уладаў не намаляваныя, а зусім рэальныя. Ну добра, вінаватыя і ўлады, і людзі, толькі не ўсе. А тыя, якія зараз ходзяць на пратэсты, таксама пакрыўджаныя гэтымі ўладамі. Вось толькі так дзіўна казаць пра «агульнага ворага» людзям, якія — частка гэтага ворага. З аднаго боку, яны стаяць за тое, што ўсведамляюць дабром і важнай каштоўнасцю — за дэмакратычныя выбары як гарантыю іншых правоў і свабод. І гэта ўжо выдатна, пагатоў, для краіны, дзе ў традыцыі манархія, а не дэмакратыя. З іншага боку, ды хто ж так стаіць? Ім бы ў нас павучыцца, мы-та ўжо стаялі багата ў сваім жыцці, і намёты на плошчах разбівалі, і рэчы-ежу з усяго гораду вазілі, і арганізаванымі аўтобусамі з прыгарадаў у сталіцы выпраўляліся… Не ў той краіне, карацей, станцыю метро назвалі «Барыкадная».

img_20190817_143827_2_1_logo.jpg

Мне здавалася няслушным сядзець дома, калі хаця б невялікая частка людзей так упарта выходзіць нават на недазволеныя вулічныя пратэсты. І вось дабралася. Але чаканага мітынга сёння не адбываецца ў такім вялікім маштабе, як раней. Замест гэтага людзі збіраюцца на пікеты ўздоўж Бульварнага кальца. Людзей няшмат. «Стаміліся ўсё ж. І чакаюць тых, хто на сутках», — выказвае меркаванне журналіст «Дождя». Тым не менш, тыя, што падцягваюцца да алеі, ідуць сюды з упартасцю, верай і смеласцю — гэта бачна ў іх вачах, у іх кпінах з паліцыі, у іх падміргваннях і ўсмешках незнаёмцаў адно аднаму на падыходах, маўляў, «усе туды ідзем». Забытае прыемнае пачуццё.
Большая частка — моладзь. Дзве жанчыны сталага веку распавядаюць, што выходзяць кожную суботу, незалежна ад таго, санкцыянаваная акцыя ці не. Ім прыемна бачыць дзяўчыну з Беларусі, а мне прыемна іх «ну каб толькі мы не сталі адной дзяржавай! Трымайцеся!» Распавядаюць мне пра маршрут пікетаў, пра мінулыя акцыі, з дзіцячай наіўнасцю скардзяцца на дзеянні паліцыі: — Яны выцягваюць хлопчыкаў, зусім маладых, б'юць, дзяўчыне нагу зламалі. Арыштоўваюць людзей адразу на выхадзе пасля сутак. Вы ўяўляеце?!
Ну я-та ўяўляю. Мы гэта ўсё праходзілі. Мы маглі б іх не толькі навучыць — мы маглі б да іх прыехаць ды стаяць поруч, мы гэта заўжды рабілі адзін для аднаго, грузінскія ды ўкраінскія сцягі ў Беларусі, беларускія ды ўкраінскія ў Грузіі, грузінскія ды беларускія ў Кіеве. Дакладна, некаторыя расіяне былі на баку пратэстаў ва ўсіх гэтых краінах, вось толькі рабіць гэта ім даводзілася без сваіх уласных сцягоў, бо расійскі трыкалор на любой узгаданай акцыі — гэта «штосьці не так». Сумна, калі трэба любіць тую радзіму, якой нават і сцяг не ўзняць — бо для іншых ён сімвал тыраніі і ўзурпацыі, такіх пакрыўджаных гэтай радзімай вельмі шмат. Цяжка любіць радзіму, калі яна вось такая. І не менш цяжка спачуваць суседу, нават адэкватнаму і прадэмакратычнаму, калі яго радзіма вось такая. Па неверагоднай колькасці выказванняў ад сяброў, якія я атрымала з нагоды паездкі ў Маскву, стала відавочна: абсалютная большасць майго асяроддзя мае гэты рэфлекс выключаць салідарнасць пры слове Расія.
Але радзіму трэба любіць, выратоўваць, адбудоўваць. Дзеці, ведаеце, гэта паўсюль дзеці, нават калі на іх і надзяваюць у тры гады вайсковыя пілоткі. Іх трэба любіць, гадаваць і выхоўваць, каб яны тыя пілоткі самі потым не надзявалі.

img_20190814_133330_2_logo.jpg

Масавыя вулічныя акцыі — не адзіная форма пратэсту, якая ўражвае моцнай энергетыкай. Напрыканцы скажу, што ў Маскве мяне ўразіла акцыя ўсяго аднаго чалавека. Перад выправай на пратэсты я не магла не зайсці да народнага мемарыялу на месцы, дзе забілі Барыса Нямцова. Вялікі Маскварэцкі мост цяпер на рамонце, пра што я не ведала. Ішла ў разгубленасці ўздоўж рамонтных агароджаў: «Няўжо ўсё, знішчылі?» Але дайшла. Мемарыял стаў зусім маленькі. Людзі мінаюць, не зважаючы, некалькі вазаў з кветкамі і шэраг фотаздымкаў.

Народны мемарыял на месцы забойства Барыса Нямцова

Народны мемарыял на месцы забойства Барыса Нямцова

Я пакідаю кветку. І да мяне падыходзіць з падзякай чалавек, які вартуе гэтае месца і гэтыя сімвалы, адзін з тых нешматлікіх людзей, якія амаль пяць год нясуць гэтую варту і берагуць гэтую памяць. Дзеля будучыні і справядлівасці, якая некалі пераможа. Дзеля праўды, якая адкрыецца. І ва імя любові, якая ўсіх нас яднае. Мы паразмаўлялі колькі хвілін, але немагчыма перадаць, як моцна гэтая размова двух далёкіх геаграфічна, але збліжаных узаемнай салідарнасцю людзей нас натхніла і ўсхвалявала. Прывязу ўсё ж з Масквы сувенір, не магніцік з Крамлём, не шапку-ўшанку, добры сувенір.

img_20190816_200353_3_logo.jpg

Актывісты дабіваюцца перайменавання маста ў гонар Нямцова… Бяру сабе каву пасля гэтага напружанага дня — у аэрапортах яна заўжды самая смачная, нават у расійскіх. Яшчэ праз паўгадзіны мой самалёт адрываецца ад зямлі, а прыгожы голас Роберта Ленца ў навушніках спявае пра «этот город, самый лучший город на земле». І ён такім і ёсць для мільёнаў людзей — што з аднаго, што з другога боку гэтых пратэстаў. Якім яму быць далей, ад гэтых людзей і залежыць.

img_20190817_162836_2_logo.jpg

8 верасня ў Маскве адбудуцца выбары ў гарадскую думу