Беларускія падраздзяленні панеслі страты пад Бахмутам (абноўлена)
Паводле афіцыйнай заявы Палка Каліноўскага, у аперацыі пад Бахмутам загінуў адзін беларускі добраахвотнік. Яшчэ чацвёра лічацца зніклымі без звестак, але яны дакладна не ў палоне. Усе байцы — з батальёна «Волат».
Паводле заявы ПКК, таксама некалькі байцоў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, але цяпер іх жыццю нічога не пагражае.
ПКК не раскрывае падрабязнасці аперацыі пад Бахмутам і запэўнівае, што знаходзіцца на сувязі з роднымі загінулага і зніклых без звестак. Асобы байцоў не раскрываюцца ў мэтах бяспекі.
Каб не ставіць пад пагрозу аперацыю, ПКК заклікаў журналістаў не выкарыстоўваць інфармацыю з неафіцыйных крыніц і карыстацца толькі афіцыйнай інфармацыяй, каб не ставіць пад пагрозу бяспеку тых, хто працягвае выконваць баявое заданне.Нагадаем, што раней «экстрэмісцкая» ў Беларусі першая беларуская «газета з карцінкамі» паведаміла, што ў баях пад Бахмутам загінула некалькі ваяроў беларускіх падраздзяленняў. Ёсць і параненыя.
Дагэтуль было вядома пра 21 беларуса, якія загінулі пасля лютага 2022-га, баронячы Украіну.
Баі за Бахмут ідуць ужо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых месцаў на фронце.
На баку Украіны ваюе некалькі беларускіх падраздзяленняў: «Полк Кастуся Каліноўскага», «Полк Пагоня», «Батальён Тэрор» і вайсковая частка, пра стварэнне якой казаў Валерый Сахашчык, былы камандзір брэсцкай дэсантнай брыгады. Колькасць беларускіх добраахвотнікаў невядомая — такія правілы вайны. Ацэнкі вагаюцца ад «некалькіх сотняў» (Сяргей Бульба) да 1500 чалавек, пра якіх казаў Офіс Святланы Ціханоўскай.