Белстат стаў рассылаць СМС аб пачатку перапісу. Кожны абанент атрымае чатыры паведамленні

Белстат стаў рассылаць СМС аб пачатку перапісу, які пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка, піша Наша Ніва

perepis_sms_zf1n5.jpg


Усяго напярэдадні і падчас перапісу кожны абанент атрымае ад статыстыкаў чатыры паведамленні, паведамляе Tut.by.
Чытачы паведамляюць, што яны сталі атрымліваць СМС ад Белстата. У паведамленні людзей запрашаюць прыняць удзел у перапісе насельніцтва.
На працягу 1-2 кастрычніка такія пасланні прыйдуць на мабільныя ўсіх жыхароў краіны.
Крыху пазней усім, хто атрымаў першае СМС, прыйдзе другое. У ім будзе пазначаны адрас інтэрнэт-перапісу. Клікнуўшы на яго, чалавек зможа зайсці на сайт па перапісе.
На гэтым паведамленні ад Белстата не скончацца.
18 кастрычніка людзям прыйдзе напамін, што завяршаецца інтэрнэт-перапіс, — уводзіць у курс справы Таццяна Лапкоўская, прэс-сакратар Белстата. — І 30-га, што заканчваецца перапіс.
З-за таго, што атрымальнікаў вельмі шмат, усе СМС, тлумачаць у Белстаце, будуць прыходзіць на працягу аднаго-двух дзён.
Нагадаем, перапіс насельніцтва пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах.
Перапісацца можна будзе праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка. Таго, хто да 18 кастрычніка запоўніць анкету па інтэрнэце, выдаляць з спісаў, і перапісчыкі да іх не прыйдуць (яны пачнуць працаваць з 21 кастрычніка).