Пачаўся перапіс насельніцтва. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх?
Цягам 4–30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам «Погляд на рэчаіснасць — крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму, нагадвае «Свабода».
Пра што будуць пытацца
Усяго пытанняў 49. Спытаюць, сярод іншага, пра тое, дзе вы нарадзіліся, колькі жылі за мяжой і ці збіраецеся выязджаць з Беларусі. Пацікавяцца нацыянальнасцю, роднай мовай, адукацыяй, якая ў вас сямʼя і праца. Зададуць пытанні пра вашае фінансавае становішча, жыллёвыя ўмовы.
Ёсць тры спосабы паўдзельнічаць у перапісе:
· Самастойна запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт.
· На стацыянарных участках.
· Дома падчас вуснага апытання перапісчыкаў.
“Свабода” высвятляла, ці ёсць прынцыповая розніца паміж сёлетнім перапісам і аналагічным маніторынгам 2009 году.
Каго будуць перапісваць
· Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь
· Замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.
· Грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасьці не перавышае аднаго году).
Што спытаюць пра мову
Моўны раздзел перапісу-2019 змяшчае два пытанні:
· ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве);
· мова, на якой вы размаўляеце дома.
І варыянты адказаў: беларуская, руская, польская, украінская або нейкая іншая.
У параўнанні з апытаннем 10-гадовай даўнасці, выкраслены трэці пункт: іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце. Выявілася, што адказы ніяк не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў.
Згодна з вынікамі папярэдняй кампаніі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў з іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасці). Беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі 23%. У часе перапісу 1999 году сітуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.
Моўныя рупліўцы заклікалі суайчыннікаў пазначаць беларускую як родную мову, засвоеную першай у раннім дзяцінстве, і тую, на якой размаўляеце дома. Зрэшты, гэта выклікала хвалю крытыкі з боку тых, хто супраць «падтасоўваньня рэальных фактаў дзеля патрэбнай статыстыкі».
Культуролаг Сяргей Харэўскі звяртае ўвагу, што арганізатары перапісу, арганізаванага за грошы Сусветнага банку (амаль 2 мільёны долараў), першымі парушаюць моўную раўнавагу.
«На шчасце, нікому з маёй сямʼі не давядзецца крывіць душой, адказваючы на балючыя для некаторых пытанні. Але чаму Белстат сваю дзейнасць вядзе выключна на адной, не маёй, мове? Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў, у выніку надсаднай, бязлітаснай русіфікацыі з 73% да 53% знізілася доля людзей, чыя родная мова была беларускай, з 37% да 23% стала менш беларускамоўных. І гэта ўсё адно блізу 2 мільёнаў, якіх для ўлады не існуе! Таму і вынікі іхных перапісаў мяне хвалююць мала: я ёсць і, дзякуй Богу, не самотны. А пра гэта мы і так ведаем...»
«Гномы, эльфы, гобліны ды іншыя нацыянальнасці». Хто гэта?
Першая інфармацыя пра колькасць насельніцтва Беларусі будзе агучаная ў лютым 2020 года. Разгорнутыя звесткі пра сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі, у тым ліку фактычнае беспрацоўе, — у ліпені 2020-га. Найбольш працаёмістай будзе частка, якая тычыцца дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі — яе прэзентуюць аж у ліпені 2021 году.
Кіраўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэту кажа, што з улікам папярэдніх кампаній сёлета будуць ігнаравацца «некарэктныя адказы». Перапісчыкі не ведаюць, што рабіць з «гномамі», «эльфамі» ды іншымі «гоблінамі», якіх ці то жартам, ці то ўсурʼёз пазначалі ў ранейшых перапісах. Усіх нявызначаных запішуць у «іншыя нацыянальнасці».
Не будуць сёлета пытацца пра рэлігійную прыналежнасць. Аргументуецца гэты тым, што такія звесткі носяць асабісты характар і могуць зачапіць пачуцці вернікаў.
Затое спытаюцца, чаму вы выехалі на працу ў іншую вобласьць або краіну.
Упершыню ў жанчын пацікавяцца адносна жадання завесці дзяцей. Мужчыны таксама будуць мець магчымасць адказаць, але іх меркаванне выслухаюць вусна.
Ёсць пытанні, на якія так і адразу і не адкажаш, напрыклад:
«Ці знаходзіліся часова ў дадзенай домагаспадарцы ў ноч на 4 кастрычніка 2019 года рэспандэнты, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь?»
«Ваш сямейны стан (для асоб ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых (...) 3) знаходжуся ў незарэгістраваных адносінах».
«Па якой прычыне вы плануеце выехаць з Рэспублікі Беларусь?»
Рабіліся прагнозы, што па выніках перапісу можа быць скарэктаваны адміністрацыйны падзел Беларусі. У той час як Мінск за справаздачнае дзесяцігоддзе прырос на 200 тысяч чалавек, у некаторых раёнах жыхароў не набярэцца і 10 тысяч. Паколькі ўтрымліваць адміністрацыю ў такіх цэнтрах ужо немэтазгодна, з’явіліся ідэі «аптымізаваць» тэрыторыю і насельніцтва, за якія яна адказвае.
Кусты на лецішчы і свіньні ў хляве. Навошта іх лічыць?
Праграму чарговага перапісу зацвердзіў Савет Міністраў Беларусі. Вось асноўныя пункты, якія цікавяць дзяржаву.
Дэмаграфія
· Прозвішча, імя, ідэнтыфікацыйны нумар,
· дата і месца нараджэння,
· колькасць поўных гадоў,
· пол,
· роднасныя ці іншыя адносіны з асобай, пазначанай як першая ў хатняй гаспадарцы,
· знаходжанне ў шлюбе.
Міграцыя
· Бесперапыннасць пражывання ў населеным пункце;
· папярэдняе месца жыхарства;
· пражыванне цягам году і больш бесперапынна ў іншай краіне;
· краіна, з якой рэспандэнт прыбыў у Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства;
· перыяд прыбыцця;
· прычына прыезду;
· намер і прычына, па якой плануецца выехаць з Беларусі;
· тэрмін, на які плануецца выехаць.
Нацыянальнасць
· Грамадзянства,
· нацыянальнасць,
· родная мова,
· мова, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома.
Адукацыя
· Узровень адукацыі, наяўнасць вучонай ступені;
· уменне чытаць і пісаць;
· атрыманне асноўнай адукацыі;
· атрыманне дадатковай адукацыі;
· наведванне дзіцем установы дашкольнай адукацыі.
Прыбыткі
· Занятасць асобаў ад 15 да 74 гадоў;
· асноўная праца ў апошні тыдзень да пачатку перапісу;
· месца знаходжання працы;
· прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства;
· перыядычнасць выезду на тэрыторыю іншай дзяржавы і статус занятасці;
· пошук працы рэспандэнтам на працягу апошняга месяца да пачатку перапісу, гатоўнасць прыступіць да яе ў бліжэйшыя 2 тыдні;
· прычына адмовы ад пошуку працы.
Дзеці
· Колькасць народжаных дзяцей;
· планаванне нараджэння новых дзяцей.
Жыллё
· Месца жыхарства;
· колькасць домагаспадарак, іх склад; тып памяшкання, якое выкарыстоўваецца для пражывання;
· памер агульнай плошчы жылога дома або кватэры;
· наяўныя віды добраўпарадкавання ў памяшканні;
· уласнік памяшкання;
· колькасць жылых пакояў, якія займае домагаспадарка;
· часовае пражыванне чальцоў хатніх гаспадарак, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, на дату перапісвання.
Сельская гаспадарка
- Наяўнасць ва ўласнасці або валоданні зямельных участкаў у 2019 годзе з указаннем іх колькасці;
- характарыстыка зямельных участкаў і мэты іх выкарыстання;
- наяўнасць на зямельных участках пладова-ягадных насаджэнняў і кустоў на 1 кастрычніка гэтага году;
- плошча пладова-ягадных насаджэнняў у пладаносным узросце па відах;
- наяўнасць у гаспадарцы пчоласемʼяў, жывёлы і птушкі па відах.
Персанальныя дадзеныя збяруць у беларусаў, а таксама ў іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі.