Біскуп Касабуцкі заклікаў касцёл маліцца за арыштаванага ксяндза

«Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва ў часе пераследу і рэпрэсій».

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі на сваёй старонцы ў Facebook звярнуўся са зваротам да вернікаў, а таксама да святароў з нагоды арышту віцебскага ксяндза Андрэя Вашчука.
«Хачу папрасіць усіх неабыякавых людзей аб малітве за каталіцкага Святара, ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна, які знаходзіцца за кратамі. Гэта Святар (я свядома пішу гэта слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек. Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты. Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва ў часе пераследу і рэпрэсій.Наша малітва - гэта сіла і моц, гэта тая "добрая частка", якая не адымецца ў нас (пар. Лк 10, 38-42)».
Таксама біскуп Касабуцкі дадаў:
«Заахвочваю святароў, якія прачытаюць гэты пост, да цэлебрацыі Святой Імшы ў інтэнцыі нашага брата ксяндза Андрэя Вашчука, у панядзелак, 18 ліпеня 2022г. Няхай гэта будзе нашым святарскім абавязкам».
Ксёндз Андрэй Вашчук быў затрыманы на днях у Віцебску. Меркавана суд над ім адбудзецца сёння, у панядзелак. Верагодна, справа датычыцца распаўсюду экстэмісцкіх матэрыялаў.



.