Сабаку палітзняволенай з Іванава, у якога стралялі міліцыянты, выратавалі медыкі

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці масавага «хапуна» ў Іванаве, які адбываўся на гэтым тыдні.

Алена Пуцыковіч

Алена Пуцыковіч

На гэтым тыдні ў Іванаве адбываецца «хапун». Ён санкцыяваны пракурорам Сяргеем Жуковічам. Ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах — паведамляецца, што некаторым людзям разграмілі кватэры. 
Сабака настаўніцы Алены Пуцыковіч усё ж такі жывы — яго завезлі ў ветэрынарную лякарню, дзе медыкам удалося выратаваць хатняга гадаванца. Зараз ён знаходзіцца ў стацыянары. Нагадаем, у сабаку стралялі міліцыянты. Яны пагражалі зрабіць гэта ўжо не аднойчы. Міліцыянты хацелі таксама застрэліць сабаку Марыны Кіявец, але тая змагла яе абараніць.
Марыну Кіявец зноў перазатрымалі пасля суда ў пятніцу — нягледзячы на траіх непаўнагадовых дзяцей (па законе, яе павінны былі адпусціць праз 3 гадзіны). Спачатку яе асудзілі на 29 базавых штрафу, потым на 25 базавых. Наступны суд чакаецца ў панядзелак.
На суд у пятніцу да яе нікога не пусцілі. Да людзей проста выйшаў міліцыянт і сказаў, што працэс будзе закрыты.
Таксама стала вядома пра вынікі некаторых судоў над затрыманымі: Аляксандр Юшкевіч — 50 базавых штрафу, Андрэй Беленькі — 15 сутак арышту, Зміцер Сянчук — 13 сутак арышту.