Мазырчука асудзілі на восем год калоніі ўзмоцненага рэжыму

Праваабаронцам стала вядома пра чарговы жорсткі прысуд.

photo_2022_07_17_11_23_26.jpg

У Гарадзенскім абласным судзе вынесены прысуд мазырчуку Яўгену Збароўскаму, якога напрыканцы чэрвеня 2022 года ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Справу разглядаў суддзя Ігар Собалеў.
Крымінальная справа 28-гадовага Збароўскага не зусім звычайная: яго абвінавацілі адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а сам судовы працэс доўжыўся з 14 лютага па 2 чэрвеня, амаль чатыры месяцы.
Паводле матэрыялаў справы, Яўген Збароўскі ў жніўні мінулага года адправіў у Telegram тэксты аб метадах вырабу гаручых рэчываў, запальных гранат, вызначэнні аб'ектаў для знішчэння і пашкоджання, стварыў умовы для арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі і знішчэннем маёмасці (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293 КК). Затым з верасня 2020 года і па жнівень 2021 года ў каналах і чатах «размясціў матэрыялы з абразамі (ч.1 арт. 368 КК) і паклёпам (ч. 2 арт. 367 КК)» у адрас Аляксандра Лукашэнкі; ён жа ў кастрычніку 2021 года пакінуў у тэлеграм-каналах каментары, «скіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці да прадстаўнікоў праваахоўнага блока» (ч. 1 арт. 130 КК); у лістападзе 2020 года і чэрвені 2021 перавёў для «забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці» адміністратарам Telegram-каналаў 0,28 і 0,004 біткойна (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК); у лістападзе 2021 года ў чаце пад публікацыяй з фотавыявай інспектара па горадзе Мінску размясціў паведамленні абразлівага характару (арт. 369 КК); са снежня 2019 года па студзень 2020 года набыў «асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы» (ч. 1 арт. 328), а на тэрыторыі Расіі (у Бранскай вобласці) купіў агнястрэльную зброю — пісталет Макарава (ПМ) і не менш 46 патронаў да яго (ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса).
Так, атрымаўшы інфармацыю пра месцазнаходжанне абсталяванага тайніка з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі на тэрыторыі Бранскай вобласці, у неўстаноўлены час незаконна набыў пісталет, які з'яўляецца ручной агнястрэльнай зброяй.
Абвінавачаны Збароўскі сваю віну прызнаў часткова, патлумачыў, што ён быў нязгодны з вынікамі выбараў прэзідэнта Беларусі, і менавіта таму вырашыў дзейнічаць актыўна.
У адпаведнасці з ч. 3 арт. 72 Крымінальнага кодэкса па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных яму пакаранняў канчатковы вырак: пазбаўленне волі тэрмінам на 8 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.