Біскуп забараніў ксяндзу Вячаславу Барку выказванні ў СМІ і сацсетках

«Каб пазбегнуць непатрэбных домыслаў, пачуваю перад вамі забавязанасць патлумачыць прычыну майго маўчання», — напісаў Вячаслаў Барок.

Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

Апошнім часам ксёндз Вячаслаў Барок не выказваўся ў публічнай прасторы. Ён патлумачыў, чаму, а таксама заявіў, што вымушаны працягнуць маўчанне:

«Справа ў тым, што 11 лістапада 2022 я быў азнаёмлены з рашэннем майго ардынарыя біскупа Алега Буткевіча, якое было прынятае 28 кастрычніка 2022, згодна з якім я атрымаў кананічную вымову, і мне, пад пагрозай пазбаўлення магчымасці выконваць усе святарскія абавязкі, было забаронена публічна выказвацца ў СМІ, і ў тым ліку ў сацыяльных сетках.

Біскуп сцвердзіў, што я "шмат увагі прысвячаю палітычнай сітуацыі ў Беларусі і свеце" а мае "выказванні выклікаюць згаршэнне сярод вернікаў і спрыяюць іх раздзяленню і ўзаемнай варожасці".


Мне такое рашэнне і абвінавачанне абсалютна не было зразумелым.
Цягам апошняга месяца я спрабаваў знайсці паразуменне са сваім біскупам. Імкнуўся патлумачыць, што адзіная мэта ўсіх маіх выказванняў — гэта прапаведванне Евангелля і абвяшчэнне афіцыйнага вучэння Касцёла, што, безумоўна, я стараўся рабіць ў духу любові да Беларусі.
Зрэшты, я і цяпер думаю, што мяне няправільна зразумелі. Таму што ў маім прапаведванні Слова Божага заўсёды ў цэнтры ёсць Хрыстос і мая мэта — прыцягнуць увагу да крызісных сацыяльных праблем, а не да палітычнай сітуацыі. Я ніколі не выступаў па лініі ніводнай палітычнай партыі, не афішаваў палітыкаў і не вёў палітычнай дзейнасці. Мяне менш хвалюе палітычная сітуацыя, але больш цікавіць Валадарства Божае, якое можа быць пабудавана толькі на праўдзе і справядлівасці.


Мне шкада чуць пра згаршэнне, падзел і варожасць, якія нібы выклікаюць мае словы. Маёй мэтай заўсёды было аб'яднанне людзей вакол праўды Хрыста. Я думаў, што раблю гэта паспяхова, бо палова маіх падпісчыкаў на YouTube — праваслаўныя, пратэстанты і атэісты. Я нікога ніколі не адкідваў і неаднаразова заклікаў слухачоў да дыялогу ў расколатым сёння беларускім грамадстве. Акрамя таго, змест многіх з маіх размешчаных матэрыялаў у сацыяльных сетках (каля 10) у 2021 годзе атрымалі вынікі дзяржаўнай лінгвістычнай экспертызы, паводле якіх не было выяўлена зместу, які сведчыць аб тым, што я сеяў раскол і варожасць.

Разам з тым я прасіў біскупа канкрэтна ўказаць на мае памылкі, калі такія маюцца, бо біскуп напісаў, што моліцца аб маім пакаянні і навяртанні. Безумоўна, як хрысціянін я хачу навяртацца і каяцца, але на дадзены момант я не разумею, дзе я памыліўся і ў чым павінен каяцца.

Бо канкрэтна не было сказана, якія словы і якія матэрыялы выклікаюць згаршэнне. Адказы на свае пытанні я дагэтуль не атрымаў.
Хоць я не разумею, за што мяне пакаралі, я падпарадкоўваюся рашэнню біскупа. І я працягваю маўчанне ў СМІ і сацыяльных сетках.Прашу вас сябры, маліцеся за мяне, за наш Касцёл і Беларусь. Маліцеся, каб святло перамагло цемру», — заклікаў Вячаслаў Барок.