Біскуп Буткевіч: Маем справу з методыкай «кнута і перніка»?
Заклапочанасць з боку ўлады аб кан’юнктуры сярод каталіцкага духавенства ў нашай краіне ў пэўнай ступені можна зразумець — кожная дзяржава дзейнічае згодна са сваім палітычным перакананнем. Пра гэта заявіў у каментары карэспандэнту Krynica.info каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Пры гэтым ён адзначыў, што «сёння гэты «клопат» выглядае ўсё ж такі дзіўна, бо зусім недалёка адышоў у мінулае той час, калі на дазвол уладаў паступіць ў духоўную
Семінарыю кандыдат павінен быў чакаць ад пяці да пятнаццаці год». А папрок Каталіцкаму Касцёлу ў тым, што ён сёння недастаткова працуе ў кірунку падрыхтоўкі ўласнага духавенства біскуп
назваў прынамсі беспадстаўным.
«Святарства — гэта не прафесія ў свецкім разуменні гэтага слова. Першым і асноўным матывам, каб стаць святаром, з’яўляецца пакліканне, на моцы слоў самога Хрыста:
« Прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё» (Мц 9:38). І Касцёл заўсёды трывае ў гэтай малітве. Больш за тое, тэма паклікання падымаецца і на шматлікіх
моладзевых сустрэчах. Іншая рэч — пазітыўны адказ чалавека на Божы заклік. Калі нават тым, хто вырашае звязаць свой лёс з медыцынай — а гэта, дарэчы, прафесія, якая побач з
педагогікай і святарствам павінна мець у сваёй падставе ўсё тое ж пакліканне — сёння прапануецца не разлічваць на вялікія прывілеі, то тым больш спецыфіка святарскага служэння патрабуе
прыняцця ўзважанага рашэння, асабліва калі гэтае рашэнне трэба прымаць у вельмі неспрыяльных для такога служэння ўмовах сучаснага свету», — дадаў суразмоўца.
Датычна неадпаведных паводзінаў святароў і парушэння імі дзяржаўнага права, біскуп пагадзіўся, што падыход тут павінен быць для ўсіх аднолькавы і святар таксама павінен несці адказнасць перад
законам.
«І ў кожным канкрэтным выпадку улада напэўна не пакідае гэтага без увагі і прымае адпаведныя меры. Аднак публічнае і неаднаразовае выказванне пра «дэструктыўную
дзейнасць» нават «некаторых святароў» падштурхоўвае да думкі, што Каталіцкі Касцёл — гэта патэнцыяльна небяспечная структура. Само па сабе напрошваецца ў дадатак
да «дэструктыўная» яшчэ і слова «секта». Так, трэба прызнаць уладзе здольнасць заўважыць і ацаніць пазітыўную ролю, якую адыгрывае каталіцкі Касцёл у нашым
грамадстве. Але ў гэтым выпадку атрымліваецца салідная лыжка дзёгцю. Маем справу з методыкай «кнута і перніка»?» — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.