Брэсцкую краму «Князь Вітаўт» аштрафавалі на 5800 рублёў. Але ўладальнік штрафам задаволены
Пастанову вынес мясцовы эканамічны суд па выніках праверкі падатковай інспекцыі. Пра гэта паведаміў «Радыё Рацыя» яе ўладальнік Алег Чапараў.
«Мы задаволены вынікамі суду», — кажа Алег Чапараў:
— Суд прыняў нашы доказы, што сума парушэнняў складае не амаль 80 тысяч рублёў, а ў разы менш. Суму парушэнняў нам зменшылі, яна склала 23 з невялікім тысяч рублёў, ужо ад гэтай сумы нам быў вынесены штраф, які склаў 5800 рублёў.
Нягледзячы на станоўчы для крамы варыянт развіцця падзей у судзе, у бізнесоўцаў назапасіліся і штрафныя санкцыі па выніках іншых праверак і таму яны просяць пра дапамогу:
— Невядома, як зараз гэта сплаціць, здолеем мы ці не. Будзем спадзявацца, што ўсе пойдуць нам на сустрэчу, пастаўшчыкі змогуць даць адтэрміноўку па аплатах сваіх тавараў. Таксама просім дапамогі і ў людзей, канешне ж.
У асартыменце берасцейскай крамы „Князь Вітаўт” была нацыянальная сімволіка. Неўзабаве перад выбарамі крама пачала несці фінансавыя страты ў выніку праверак дзяржаўнымі органамі, таму са стацыянарнай кропкі ёй прыйшлося сысці ў інтэрнэт.