Жыхары Брэста рыхтуюцца арганізаваць рэферэндум адносна акумулятарнага заводу

Пад Брэстам ствараюць ініцыятыўную групу для правядзення рэферэндуму пра лёс акумулятарнага заводу. У Тэльмаўскі сельсавет, на тэрыторыі якога стаіць завод, пададзеныя дакументы на рэгістрацыю групы. Правесці рэферэндум яшчэ мінулым летам прапанаваў Лукашэнка, аднак словамі ўсё і абмежавалася.

Фота «Брэсцкай газеты»

Фота «Брэсцкай газеты»

Людзі хочуць вынесці на мясцовы рэферэндум наступнае пытанне, піша «Белсат»:

«Ці згодныя вы на размяшчэнне і эксплуатацыю на тэрыторыі сельскага савету заводу свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў ТАА «Акумулятарны альянс»?

Ад 2018 года брэсцкія жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, чые выкіды будуць мець шкодны ўплыў на арганізм.

У выніку амаль двухгадовага супрацьстаяння будаўніцтва прадпрыемства было адкладзенае. 22 чэрвеня 2020 года Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з актывістамі паабяцаў, што лёс акумулятарнага заводу вырашыць мясцовы рэферэндум.

Напрыканцы верасня старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыняў рашэнне адмяніць сваю ранейшую пастанову пра забарону будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Брэста. Пасля гэтага кампанія «Акумулятарны Альянс», якая належыць набліжаным да Лукашэнкі Сяргею Кагановічу і Дзмітрыю Баскаву, змагла працягнуць пусканаладачныя і будаўнічыя працы.

Зараз завод працуе ў рэжыме пуску-наладкі.