Рака Лясная каля Брэста: у чаканні эшалона сцёкавых водаў у суткі?

Прадпрыемства мультымільянера Аляксандра Машэнскага «Санта Брэмар» запланавала будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў з самастойным сцёкам. Паводле праекту, дзве трубы выпуску працягнуць да ракі. Планавы сцёк — 3 200 м3 за суткі! Гэта акурат каля пяці дзясяткаў 60-тонных чыгуначных цыстэрнаў. Прырост сцёкаў складзе каля траціны наяўнага. Цяпер сцёкі зліваюць у гарадскі калектар.

Рака Лясная. Фота Szeder László, commons.wikimedia.org

Рака Лясная. Фота Szeder László, commons.wikimedia.org


Каб абгрунтаваць будаўніцтва, прадпрыемства замовіла мінскаму Цэнтральнаму навукова-даследчаму Інстытуту комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНДІКоВВР) экалагічную ацэнку распрацаванага папярэдняга праекта. Дакументацыя была вырабленая арганізацыяй «Брэстпраект» у 2020 годзе. У тым самым годзе інстытут падрыхтаваў Справаздачу аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе лакальных ачышчальных збудаванняў (СУНА ЛАЗ) на 128 старонках. Сёлета яна вынесеная на грамадскае абмеркаванне. Паводле аб’явы ў афіцыйнай газеце Брэсцкага райвыканкама «Зара над Бугам», пададзенай 21 студзеня, часу на абмеркаванне адведзена вобмаль. Заўвагі і прапановы да праекта можна падаваць да 19 лютага, заяўкі на грамадскія слуханні (сход) і на грамадскую экалагічную экспертызу можна было накіроўваць на пададзеныя кантакты цягам 10 дзён з часу апублікавання. Такая малафарматная паспешлівасць непрыемна здзіўляе, асабліва ў святле датклівай пасадкі брэндавага прадпрыемства.

Аб’ява ў газеце «Заря над Бугом».

Аб’ява ў газеце «Заря над Бугом».

Спецыфіка тэрыторыі

Заяўлены як лакальны, праект «важыць» шмат больш, і вось чаму. «Санта Брэмар» пасаджана ў Свабоднай эканамічнай зоне «Брэст», у той яе частцы, якая прылягае да міжнароднай трасы М1. Да мяжы з Польшчай 10 кіламетраў, а яна, як вядома, пралягае па рацэ Заходні Буг. Лясная ўпадае ў яго праз 13 кіламетраў. Беларусь звязаная з Польшчай і Украінай трансгранічнымі дамовамі аб захаванні экалогіі. Гэта ёсць у Справаздачы, але гэтага няма ў маштабах яе падачы.

Месца меркаванага ўтоку запраектаваных ЛАЗ «Санта Брэмар» (са Справаздачы УНА).

Месца меркаванага ўтоку запраектаваных ЛАЗ «Санта Брэмар» (са Справаздачы УНА).

Другая значная засцярога гэта тое, што рака Лясная працякае ад Камянецкага кальца ўздоўж горада Брэста і да мяжы па тэрыторыі Бугскага заказніка. Адпаведная карта паказвае гэта зялёным колерам недвухсэнсоўна. А закон «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях», прыняты ў 2019 годзе, пунктам 2.2. забараняе скід сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе.
Па-трэцяе, рака Лясная была і ёсць улюбёным месцам адпачынку дзясяткаў тысяч берасцейцаў; ля яе жывуць сотні тысяч. А яшчэ яна ўлюбёны аб’ект атак аграрнікаў, выхаваных у духу сучаснай беларускай дзяржавы. І вось цяпер шматпакутная прыгажуня можа зведаць яшчэ і прамысловы прэсінг, а ён аж вось які цяжкі.

Што такое «Санта Брэмар»

Справаздача, вынесеная на разгляд грамадскасці, часта вартая цытавання. Пра замоўніка даследавання напісалі такое: «СП Санта Брэмар ТАА гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў высакаякасных прадуктаў харчавання ва Усходняй Еўропе, сусветны лідар у перапрацоўцы ікры, адзін з лідараў прадажаў гатовых да спажывання прадуктаў з рыбы і морапрадуктаў у Расіі».
Нягледзячы на стылістычна няўцямныя зачын і заканчэнне абзацу, выразна ўхваленая і рамка такога ўзорнага (геройскага?) прадпрыемства: «Удзельная вага ў развіцці Брэсцкай вобласці належыць харчовай прамысловасці (48% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці). Аграрна-прамысловы комплекс вобласці, які дынамічна развіваецца, забяспечвае больш за 27% агульнарэспубліканскага экспарту прадуктаў харчавання. Прычым па дадзеным паказчыку Брэсцкая вобласць абсалютны лідар сярод рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь».
Ладна прызямліць гэтае траскаценне можна, працытаваўшы, а што можа выцекчы з гэтага перадавога ў экспартным плане прадпрыемства ў тутэйшую прыроду. Вось апісанне рэзервуара аварыйнага скіду. Прашу прабачыць за чыстай вады канцылярыт, але ж ад арыгіналу адступаць нельга: «З мэтай мінімізацыі ўплыву дзеянняў пікавых скідаў тузлукоў, вяршкоў, маслаў ад вытворчасці салатаў і марозіва, скідаў апалоскаў ды іншых прадуктаў у праекце прадугледжаная наяўнасць ёмістасці аварыйнага скіду неачышчаных сцёкавых вод аб’ёмам 500 м3. Сцёкавая вада з гэтай ёмістасці будзе дазавацца ва ўсярэднівальнік. Сцёкавая вада будзе накіроўвацца паводле паказанняў датчыка мутнасці і электраправоднасці. Гэта дазволіць сабраць усе сцёкавыя воды пры пікавых нагрузках, скідах канцэнтраваных вадкасцяў».
Каб паказаць тым, хто не ведае, што такое тузлук, скарыстаюся з асабістага досведу. Аднаго разу набыў па акцыі «дзве коштам адной» 700-грамовыя ўпакоўкі сялёдкі. Першая пайшла нічога, а другая… Амаль усе кавалачкі рыбы літаральна разлезліся, спажываць іх было нельга. Відавочна, іх паперш мяне з’ела запраўка прэсерваў (так называюцца кансервы з кароткім тэрмінам захоўвання). Менавіта запраўка называецца гэтым цюркскім словам тузлук. Едкая аж во як. Пальцы шчыпае ваўсю. Амаль насычаны раствор кухоннай солі, узмоцнены перцам, часныком і мабыць чымсьці яшчэ. Перамагае гніль лёгка, але калі арганіка пераляжыць, то тузлук з’есць яе не менш капітальна за гніль.

Зацікаўленыя бакі

Пра бамбастычны праект пачуў выпадкова, ад мясцовых жыхароў.
У Брэсцкім райвыканкаме справаздачу мінскіх водакарыстальнікаў паказалі з гатоўнасцю і ў любым выглядзе. Супрацоўніца Кацярына Муха сказала шчыра: «Я архітэктар, у сутнасці праекта не кампетэнтная. Паставілі задачу давесці праект да грамадскасці, — я і раблю». З яе словаў, я быў далёка не першым, каго ён цікавіў. «З Клейнікаў (вёска ніжэй па цячэнні ад агалоўка сцёку запраектаваных ЛАЗ — Я.Б.) шмат хто пытаўся, па тэлефоне і вочна».
Падумалася: хутчэй за ўсё, горад ціскануў на прадпрыемства. Скіды аб’ёмныя, гарадскі калектар не гумовы. У «Водаканале» слухаўку ўзяў галоўны інжынер Ігар Хмяльніцкі. «"Санта" так, у наш калектар свае сцёкі скідвае. Часта іх штрафуем, перавышэнні канцэнтрацыі ад іх ідуць. А ініцыятыва не, не наша, іхняя. Мы можам прымаць, нам не крытычна, маем яшчэ запас».
Тут стала цікавей. На брэсцкія ачышчальня хоць і наракаюць месцічы з-за «водараў», але яны апошні рубеж, скідваюць сцёкі ў памежны Заходні Буг і права на памылку практычна не маюць. Таму такая патрабавальнасць да вытворцаў сцёкаў зразумелая.
Андрэй Сакалоўскі, начальнік участка ачышчальных збудаванняў «Санта Брэмар», пацвердзіў: «Так, пабудова новых ЛАЗ гэта наша ініцыятыва». На пытанне, ці звязаная на траціну большая ад наяўных ачышчальных прапускная здольнасць праектных ЛАЗ з планаваным ростам вытворчасці, суразмоўца з мадуляцыямі ў голасе адказаў «магчыма».
Берасцейцам добра вядомае яшчэ адно прадпрыемства з СЭЗ «Брэст» з блізкім профілем, ЗП «Інкафуд». Фірма з польскім капіталам вырабляе мясапрадукты. Патэлефанаваў туды, спытаў пра іхнія ачышчальныя. Куды скідваюць сцёкі, ці хочуць «аўтаноміі», як «Санта Брэмар». Пасля даволі прыдзірлівага высвятлення, а хто і што, галоўны інжынер сказаў, што ім ужо 20 гадоў, і лакальныя ачышчальныя сістэмы былі ад самага пачатку. «Кантроль строгі. І дзяржаўны, і эколагі… Сцёкі — іх пасля ачысткі ў канал скідваем, у гарадскія сеткі. А пра Лясную — мы ў той бок нават дым выпусціць баімся».
Пра эколагаў помніцца. «Інкафуд» таксама экспартуе ў РФ, так што адзін з іх у роспачы быў напісаў пра тыповую каланіяльную схему. «Ім мяса, а нам усё г..но, якое пасля яго перапрацоўкі застаецца». Няйначай, таму і ўвага да экалогіі такая, і на сайце гэтай фірмы чытаем шмат больш пластычныя выразы: «Місія кампаніі гэта стварэнне якасных і бяспечных прадуктаў харчавання пры мінімальным уздзеянні на навакольнае асяроддзе».

Эколагі і планы «Санты»

Пацікавіўся ў Палескім аграрна-экалагічным інстытуце, як яны ставяцца да намераў «Санты Брэмар» накіраваць сцёкавыя воды ў раку Лясную. Без жадання з кімсьці сварыцца мне дыпламатычна адказалі, што мелі прапанову зрабіць экалагічную ацэнку гэтага праекта, але замінала прыняць перагружанасць працай. І (па-мойму, прагучала іранічна) «быў бы прапанаваны вельмі дарагі спосаб ачысткі сцёкаў».
У ходзе сваіх вышукаў падняў інфармацыю, што дзеля грамадскай экалагічнай экспертызы зарэгістравалася мясцовае аддзяленне рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Сэнс справаздачы мінскіх водакарыстальнікаў

Прачытаў том Справаздачы. Праца вялікая. Шчыравалі блізу дзясятка адмыслоўцаў водакарыстання. Зацверджаная дырэктарам іх інстытута. Відавочна, яна носіць дазвольны характар. Звяртаюць увагу мілыя непасрэднасці кшталту працытаваных вышэй. Вось яшчэ, з большай канкрэтыкай. Прыводзіцца пералік абмежаванняў для праекта. «У адпаведнасці з інфармацыяй ДУ «Брэсцкі занальны Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя», бліжэйшае афіцыйна ўстаноўленае месца купання ў р. Лясная — пляж у г. Камянец». Камянец — гэта ж 30 км уверх па цячэнні! Ёсць ад чаго ўздыхнуць з палёгкай. А што тысячы жыхароў вёсак Скокі, Клейнікі, Пескі, Церабунь і іншых уніз па цячэнні ад месца меркаванага ўпуску ЛАЗ — ім, калі што пойдзе не так, не купацца? Пераб’юцца?
Або абмежаванне пасадкі вытоку ў 1 км вышэй па цячэнні ад населенага пункта. Але ж у адным з месцаў Справаздачы прызнаюць, што ў некаторых выпадках магчымае неспрыяльнае ўздзеянне на іхтыяфаўну на адлегласці больш, чым планавыя 500 метраў ад агалоўка ЛАЗ. Дык што блага для рыб, тое і для людзей не цукар. І калі рыбы «… будуць, пры магчымасці, старацца пазбягаць … гэтага ўчастка ракі», то і людзі ж не дурней за рыб.

Межы Бугскага заказніка (з сайта).

Межы Бугскага заказніка (з сайта).

Часам выпірае пэўны цынізм. Мацярынскія грунты нясуць значныя сляды антрапагеннай нагрузкі? Тады не шкада, зусім іх…як нам трэба.
Або вось гэта: «Сыходзячы з вынікаў палявых і фларыстычных даследаванняў у межах перспектыўнага будаўніцтва плануемага будаўніцтва (? — Я.Б.) для адводу ачышчаных сцёкавых водаў СП «Санта Брэмар» ТАА у р. Лясная ўстаноўлена, што фларыстычная разнастайнасць біёты адкрытых экасістэм ацэньваецца як даволі бедная паводле відавага складу. Гэта звязана з існымі фізіка-геаграфічнымі фактарамі і даволі моцнай ступенню антрапагеннага ўплыву на гэтую тэрыторыю ў мінулым і цяпер. Прадастаўлены на разгляд варыянт праекту планаванага будаўніцтва ў цэлым не закране рарытэтны кампанент флоры гэтага рэгіёну».

Бедны жывы свет, не шкада.

Бедны жывы свет, не шкада.

А вось як прыгожа абыйшлі «чырвонакніжных» птушак: «Правядзенне будаўнічых работ з жніўня па сакавік моцна мінімізуе негатыўны ўплыў перспектыўнай пракладкі калектара на ахоўваемыя віды птушак (драч і зімародак)».
Праца карпатлівая, аб'ёмная і часам макароніста-кампілятыўная. Педантычна, мовай навуковых тэрмінаў распісаныя віды рыб, птушак і раслін у зоне меркаванай будоўлі і эксплуатацыі ЛАЗ, потым гэта месцамі «копіпастна» паўторана ў «дляўсіхнай» частцы. Канкрэтыка жывых відаў перад абліччам будаўніцтва ачыстных у зялёнай зоне дрэнна вяжацца з падрабязным апісаннем дасягненняў Брэсцкай вобласці. Больш да месца, мяркую, было б прапісаць пра досвед будаўніцтва ўласных лакальных ачышчальных збудаванняў сіламі СЭЗ «Брэст» на другой пляцоўцы, у раёне аэрапорта. Гэта дзе размешчаны скандальны завод свінцовых акумулятараў. У будаўнічым аддзеле СЭЗ мне сказалі лаканічна: «Планавалі пабудаваць, але потым вырашылі, што эканамічна немэтазгодна».  
Справаздача месцамі ўнутрана супярэчлівая. Нібыта, будоўля з усіх пазіцый нікога і нішто «(істотна) не абцяжарвае», разам з тым… Чытаем: «Пры неаднаразова адзначаных выпадках заморных сітуацый, звязаных са скідам ачышчаных сцёкавых вод, СП «Санта Брэмар» ТАА належыць перагледзець нарматывы дапушчальнага скіду забруджваючых рэчываў у складзе сцёкавых вод у бок большай жорсткасці».

Самаіндульгенцыя, аднак!
Вонкава не без бляску прапісаная альтэрнатыва аналізуемаму праекту: «Адмова ад рэалізацыі».

А што грамадскасць?

У Брэсцкім райвыканкаме мне сказалі, што пры ўсёй вялікай цікавасці да рызыкоўнага праекту пакуль аніхто не пакінуў аніякіх пісьмовых заяў наконт прылюднага абмеркавання, заўваг ці прапановаў. «Але пасля 19 лютага яшчэ будуць магчымасці. Справаздачу адразу накіруюць на афіцыйную экспертызу, будзе і грамадская экалагічная экспертыза».
Клейнікі, цэнтр сельскага савета, амаль мястэчка, забудоўвалася на маіх вачах. Там працаваў калісьці паўгода ў школцы, месца ведаю. Яно, з еўрапейскага гледзішча, архівыгаднае. Фактычна, ужо горад, а жывеш у прыродзе. І якой! Там на беразе Лясной узнік цэлы масіў багатых сядзібаў. Людзі з грашыма, сувязямі. Мабыць, яны збіраюцца «порешать вопросы» сваімі спосабамі. Здзіўляюся іх наіўнасці. З акумулятарным заводам ужо «порешалі»! Там жа зона мала горшая — бераг Мухаўца, прыгарадныя вёскі Ямна, Ваўкі, Літвіны. Палацы там стаяць часам як замкі германскіх баронаў. Але акрэсліўся адзін асабліва вядомы з нядаўніх часоў прыўладны хакеіст, нехта Дзмітрый Баскаў, і куды падзеліся прылюдныя абяцанні яго калегі па клюшцы, аліяс А. Лукашэнкі правесці мясцовы рэферэндум. Што, дарэчы, таксама зусім не давала заруку спыніць акумулятарны праект. Хутчэй наадварот.
Не лішне будзе згадаць: уладальнік «Санта Брэмар» таксама засвяціўся ў набліжанасці, быў даверанай асобай самаабранага.
Між тым, нават скрозь звыклыя фанфары афіцыйных справаздач прарываюцца гукі набату. Так, на выніковай калегіі Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая прайшла ў Брэсце 8 лютага, адзначылі наступнае. Побач з тым, што за 2020 год аб’ём скіду ў вадаёмы недастаткова ачышчаных сцёкавых вод паменшыўся ў параўнанні з папярэднім годам на 11, 5 %, прапісана і такое: у вобласці «стан 80% водных аб’ектаў ацэньваецца як добры і выдатны». Дык гэта напэўна рэкі і азёры ў глухмені, воддаль ад чалавека з яго прамысловай актыўнасцю. А Лясная — яна без сумніву ўвергнутая ўжо ў пазасталыя 20%. Пра гэта яскрава сведчаць гісторыі яе памораў і «меандравыя» палі да ўрэзу вады. І тут яшчэ далучаць гэтыя 140 кубаметраў у гадзіну з «Санта Брэмар».  
Вернемся да Справаздачы і праекта, які яна абгрунтоўвае. Па-першае, спадзяюся, што сваё важкае слова скажуць яшчэ адмыслоўцы-эколагі. Па-другое, мяркую, бляск альтэрнатыўнай фармулёўкі толькі вонкавы. «Пакінуць усё як ёсць». А можа, пабудаваць і, як «Інкафуд», зліваць бездакорныя сцёкі ў гарадскую сістэму? Яна ж не трашчыць, дазваляе. І што да росту. Калі ён коштам прыроды, можа, не варта пляжыць яе, родную, дзеля тых грошай з РФ? Не варта пашырацца? Або: пашырыцца, але ў іншым, менш датклівым месцы?