БРСМ распавёў аб працы сваіх троляў у інтэрнэце

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўзмацніў працу ў сацыяльных сетках і ў благасферы. Пра гэта заявіў 4 красавіка першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі на адкрыцці Рэспубліканскага моладзевага інтэрнэт-форуму.



lre0nc_w465h262.jpg

Паводле яго слоў, у інтэрнэце дзейнічаюць 346 супольнасцяў БРСМ у сацсетках, якія аб'ядноўваюць больш за 280 тыс. чалавек, 143 блогі, у тым ліку 97  у Twitter, з агульнай колькасцю падпісантаў больш за 4 тыс.

Акрамя таго, працуе сістэма аператыўнага рэагавання моладзевых інфармацыйных груп, якая аб'ядноўвае больш за 140 чалавек, пачала працаваць новая версія сайта арганізацыі, перадае БелТА.

Ігар Бузоўскі назваў адным з прыярытэтаў дзейнасці БРСМ у інтэрнэце ўзмацненне палітычнай актыўнасці моладзі, фармаванне пазітыўнага стаўлення да працэсаў, што адбываюцца ў сферы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краіны. У гэтых мэтах, заявіў ён, "БРСМ узмацніў працу ў сацыяльных сетках, блогасферы, на форумах незалежных інтэрнэт-рэсурсаў".

Як паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім указам №55 ад 30 студзеня 2014 года працягнуў  дзяржфінансаванне Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі яшчэ на два гады наперад.

telegraf.by