Былому кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку выставілі абвінавачанне

Як пацвердзілі «Свабодзе» родныя палітвязня Віктара Фенчука, гэта арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342. ч.1).

b80503c9_cac8_4e05_b903_b920924e0586_cx28_cy28_cw68_w1023_r1_s.webp

«Так, ёсць 342 артыкул, больш інфармацыі наконт нюансаў абвінавачання няма, усё стандартна. Тэрмін утрымання пад вартай — 2 месяцы, пачынаючы з 20 верасня. Сядзіць у СІЗА-1, на «Валадарцы», — расказаў брат палітвязня Зміцер Фянчук.

Віктара Фенчука затрымалі 31 жніўня, адразу пасля таго, як у офісе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Тады сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакументаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў, а былога кіраўніка асудзілі на 12 сутак арышту. Артыкул, які яму інкрымінавалі, на той момант быў невядомы.

Перад заканчэннем тэрміну адміністрацыйнага арышту Віктара Фенчука затрымалі яшчэ на 10 сутак. Тады праваабаронцы выказалі меркаванне, што на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. У выніку тыя падазрэнні пацвердзіліся.

Віктар Фенчук — вядомы дзеяч у сферы аховы навакольнага асяроддзя, сябра Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Раней узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У 2014 годзе пераехаў у Белавежскую пушчу, дзе ўдзельнічаў у праграме падтрымкі запаведнасці.

Летась 8 лістапада яго ўжо затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту і прысудзілі 15 сутак арышту.