Марфа Рабкова: «Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя»

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова даслала ліст з СІЗА, у якім распавяла пра год у турме, свае дасягненні ў фізічных практыкаваннях і кнігі, якія прачытала апошнім часам.

marfa_rabkova_s_suprugom_3.jpg


"Мне таксама не верыцца, што прайшоў год. Часам ад гэтага становіцца сумна, як падумаеш пра тое, колькі часу ты ў зняволенні. Час хутка ідзе і чым далей – тым хутчэй. Ведаць бы, колькі яшчэ трываць, нават, калі дзень вызвалення не хутка, хацелася б яго ведаць. Так прасцей чакаць, невядомасць вымотвае.
Наконт справы – цішыня, але нібыта трохмесячная прадлёнка павінна быць апошняй. Следства скончыцца і наперадзе будуць цікавыя падзеі ў выглядзе азнаямлення з матэрыяламі справы і суды. Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя", — піша праваабаронца.
Яна адзначае, што ў яе ўсё ў парадку — "жыццё ідзе сваёй чаргой", і падзялілася навінамі:
"З новага — я стала ўпарта і актыўна займацца, раблю практыкаванні падчас прагулак і ў камеры. Ужо гэта ўвайшло ў звычку. Але бывае ўключаецца лянота, калі з-за дажджу мы не ідзем гуляць.
Прачнуўся апетыт, і я ем досыць шмат, трэба зрэзаць рацыён. Цяпер я ў ідэальнай форме — прыблізна 50 кг або трохі менш. Складана сарыентавацца без вагоў. Зарадку на вуліцы мы робім калектыўна ўсёй камерай, гэта падбадзёрвае, ды і наогул усё праходзіць весялей. Мае дасягненні — 105 разоў прысядаю і 5 разоў падцягваюся на ложку. Вось такі невялікі прагрэс, але трэба ісці далей".
Марфа піша, што ёй пашанцавала з суседкамі па камеры:
"Мне з імі пашанцавала, стараемся прыдумляць новыя заняткі для сумеснага вольнага часу. Напрыклад, сталі пісаць дыктоўкі, і гэта не з праста — з часам у СІЗА мозг пачынае тупіць, і ты не можаш успомніць, як пішуцца нават самыя банальныя словы. Хоць накшталт і чытаем шмат, пішам лісты — толку няма. І такая дэградацыя адбываецца абсалютна ва ўсіх. Таму і вырашылі пісаць дыктоўкі з далейшым разборам памылак. Цягнем запалкі каму з нас дыктаваць. Я пакуль ні разу не рабіла".
Праваабаронца адзначае, што ўжо стамілася ад кніг, вырашыла пачытаць на працягу тыдня толькі газеты і часопісы, а таксама разгадваць японскія крыжаванкі.
"З апошняга, што прачытала Гётэ "Фаўст", у кнізе яшчэ была абраная лірыка Гётэ. Але я паспела прачытаць толькі палову дадзенай лірыкі. Кінула, бо яна мяне ўганяе ў меланхолію. Да гэтага чытала яшчэ выбраныя творы Якуба Коласа. Мне іх далі на рускай мове! Гэта быў атас, губляецца ўвесь смак вершаў. Ты ж ведала, што Колас на Валадарскага таксама сядзеў? У яго досыць шмат вершаў прымеркаваны і напісаны ў турэмны перыяд".
Марфа Рабкова прапануе даведацца больш пра лёс беларускай паэткі Ларысы Геніюш:
"У яе цудоўныя вершы, але такое горкае жыццё. Учора адкрыла яшчэ адзін верш яе. Падумала, што можна паспрабаваць замовіць кнігу ў мясцовай бібліятэцы, раптам ёсць. Дык вось верш:
Не згінай мяне, я не сагнусяНе баюся ні страхаў, ні зла.Нездарма я з зямлі беларускайНепахіснай сасною ўрасла.Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,Мудрасьць продкаў у гарачай крыві,Не прад кім не схіляю паспешнаяКрыху гордай сваёй галавы.Абдымаю ўсю набрыдзь, што вокал,Чалавечы мой блытае лесГляджу ўдалячынь, не маргнуўшы нат вокам.Розум цемру праніжа наскрозь!"
Плануе праваабаронца ў бліжэйшы час чытаць Рэмарка "На Заходнім фронце без пераменаў" і "Тры таварыша". Яна перадае ўсім вялікае прывітанне і "моцныя абдымашкі".
Пішыце Марфе лісты салідарнасці:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года і стала першай затрыманай прадстаўніцай арганізацыі. У кватэры Марфы быў праведзены ператрус, канфіскаваныя грошы, асабістыя рэчы і тэхніка, а саму праваабаронцу змясцілі пад варту, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль.
spring96.org