Былы адвакат Статкевіча пра суд у СІЗА: калі б працэс быў адкрытым, многія б убачылі, што ніякай справы няма
Былы адвакат палітыка Мікалая Статкевіча Уладзімір Сазанчук распавёў «Радыё Рацыя» пра будучы судовы працэс, які павінен пачацца 24 чэрвеня.
Нагадаем, што ў лютым гэтага года дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі адвакатаў скасавала ліцэнзію адваката Уладзіміра Сазанчука, які абараняў Мікалая Статкевіча і блогера Дзмітрыя Казлова («Шэры кот»).
Цяпер стала вядома, што суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і Мікалаем Статкевічам пачнецца 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА. Разам са Статкевічам, Ціханоўскім і Лосікам па справе праходзяць таксама Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў.
Уладзімір Сазанчук:
— Натуральна, што на апраўдальны прысуд нікому з фігурантаў гэтай справы спадзявацца не даводзіцца. Ужо шмат прайшло судовых працэсаў, і мы бачым, якое стаўленне да «палітычных». Для рэжыму гэта ж вельмі небяспечныя людзі! І салідарнасць з імі недапушчальная.
— Чаму суд зробяць закрытым і ён пройдзе ў ізалятары?
— Перасцерагаюцца. Па-першае, відаць, не хочуць, каб падсудныя бачылі народную падтрымку, бо, калі б працэс зрабілі адкрытым, то на яго прыйшлі б многія. А ў СІЗА наогул ніхто не патрапіць, бо туды патрэбны адмысловы дазвол. Па-другое, калі б працэс адкрыта асвятлялі, то многія б убачылі, што на самой справе ніякай справы няма. І складу злачынства няма ў дзеяннях таго ж Статкевіча, бо я абараняў яго і ведаю сутнасць справы. Таму я разумею, чаму суд зрабілі закрытым.