«Быў на карачках, увесь у крыві» — у Мінску невядомы напаў на ЛГБТ-кампанію. Адзін хлопец у шпіталі

Рэжысёр і аператар дакументальнага кіно Мікалай Купрыч кажа, што ў ноч з 24 на 25 жніўня на Кастрычніцкай яго збіў невядомы, бо Мікалай быў у ЛГБТ-кампаніі. Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго зламаны нос і буйныя гематомы. Ён у шпіталі, паведамляе Радыё Свабода.

zbiccio.jpg

Кампанія, у якой быў Мікалай, бавіла час недалёка ад АЗС на барнай вуліцы Кастрычніцкай. Невядомы падышоў сам.
«Ён падыходзіць і пытае: „Ты таксама п...р?“ — успамінае Мікалай. — Я кажу: «Якая табе розніца, п...р я ці не?“ — „Не, ты скажы канкрэтна: п...р ты ці не?“ Я кажу: „Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць“. Пасля ён яшчэ раз перапытвае: „Скажы канкрэтна!“ Я кажу: „Ну добра, няхай я буду п....м, ОК, і што далей?“»

zbiccio_2.jpg

Па словах Мікалая, відавочнай агрэсіі хлопец не праяўляў, усміхаўся. Мікалай кажа, што ён гетэрасэксуал, але падтрымлівае ЛГБТ-супольнасьць, таму адказаў менавіта так.
«Ён не наязджаў, сказаў: „Добра, я зразумеў“, — працягвае Мікалай. — Я разварочваюся і адыходжу, секундаў пяць праходзіць, і ён мне са спіны, відаць, з добрага такога размаху, б’е акурат у скронь. Я адключаюся і падаю тварам на асфальт».
Ад удару Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго паламаны нос і буйныя гематомы. Перад гэтым невядомы хлопец ужо ўдарыў дзвюх сяброў Мікалая.

zbiccio_3.jpg

Адзін з іх, Арцём Скапцоў, пацвярджае словы Мікалая і кажа, што атрымаў удар у шыю. Невядомы таксама разбіў скулу другому маладому чалавеку. Пасля гэтага хлопцы на нейкі час адышлі за паркоўку. Калі вярнуліся, пабачылі яшчэ больш збітага сябра.
«Я падбег і ўбачыў Колю, ён быў на карачках, увесь у крыві, — кажа Арцём. —Гэтага чалавека ўжо не было відаць нідзе. Колю прывялі крыху ў парадак, спачатку думалі, што ён нармальна, але па выніку ён выклікаў і міліцыю, і хуткую».
Арцём кажа, што падчас размовы з невядомым думаў, што гэта шараговая сітуацыя слоўнага канфлікту. Раней яго ніколі не збівалі.
Мікалай Купрыч напісаў заяву ў міліцыю. У нядзелю, 26 жніўня, яго апытваў міліцыянт.
Радыё Свабода 26 жніўня звярнулася ў Следчы камітэт па каментар. Атрымаць яго пакуль не ўдалося.
У траўні 2014 году на выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка збіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс аперацыю выдалення часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасля працяглай комы.

zbiccio_4.jpg

Забойства Міхаіла Пішчэўскага. Што важна ведаць

  • Канфлікт адбыўся каля мінскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году праходзіла гей-вечарына, на якую прыйшоў і Міхаіл Пішчэўскі.
  • Былы настаўнік фізкультуры Зміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі збіраліся на вечарыну, і жорстка збіў Пішчэўскага.
  • Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у стане комы, перанёс аперацыю па выдаленні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі. Памёр 27 кастрычніка 2015 году.
  • Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення волі «за хуліганства і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў», але хутка выпусцілі па амністыі.
  • Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд. Лукашэвіч папрасіў суд «строга яго не караць». Яго асудзілі да 3 год пазбаўлення волі і кампенсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысць сям’і Пішчэўскага. Аднак менш чым праз год Лукашэвіч зноў апынуўся на волі.
  • Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяннях Зміцера Лукашэвіча варожасьці на глебе гамафобіі.
  • Беларусь застаецца адной з нешматлікіх краінаў, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зʼявіцца.
  • Вясной 2017 году была заснаваная грамадская кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадстве і спыніць ігнараванне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.