Чарговы суд за Свіслач

Вядомая дата чарговага суда за свіслацкі фэст. Ваўкавыскі актывіст Віталь Гуляк атрымаў SMS-паведамленне, што разгляд яго адміністрацыйнай справы адбудзецца ў Свіслачы 15 снежня.    



guliak1.jpg

Фота spring96.org

Справа тычыцца ўдзелу Гуляка ў фэсце памяці паўстанцаў Каліноўскага, які штогод ладзіцца ў Свіслачы ды Якушоўцы. Віталь кажа, што на суд паехаць не зможа фізічна, бо знаходзіцца ў шпіталі, але і так бы не паехаў. Актывіст тлумачыць сваю пазіцыю: “На акцыі ў Свіслачы да мяне ніхто не падыходзіў, ніхто не казаў, што я нешта парушаю. Таму я таксама буду ігнараваць. Прыходзіў участковы, казаў, што складзены на мяне матэрыялы, праведзена апытанне. Я напісаў, што не зрабіў ніякага правапарушэння, нічога дрэннага не зрабіў. Таму рабіце, што хочаце, але без мяне”.


За сёлетнюю акцыю ў Свіслачы ды Якушоўцы ўжо аштрафаваныя тры чалавекі: гарадзенскія актывісты Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі, а таксама актывіст са Свіслачы Юры Глебік. Пратакол склалі і на грамадскага актывіста з Гародні Уладзіміра Хільмановіча. Суд над ім пройдзе 8 снежня ў Свіслацкім раённым судзе. 11 снежня будуць судзіць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка.

racyja.com